Недатыкальнасць і «ганаровае ўтрыманне». Як жывуць былыя прэзідэнты ў іншых краінах

Дэпутатка Ганна Канапацкая падчас апошняга паседжання Палаты прадстаўнікоў 6-га склікання ўнесла да разгляду законапраект, які прадугледжвае шэраг гарантыяў для прэзідэнта Беларусі пасля сыходу ў адстаўку. Калі новы дэпутацкі корпус яго зацвердзіць – Аляксандра Лукашэнку нельга будзе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, а ён і ягоная сям’я атрымаюць пенсію, бясплатнае медычнае абслугоўванне і адну з прэзідэнцкіх рэзідэнцыяў у пажыццёвае карыстанне.

Галоўны пункт законапраекту – недатыкальнасць для экс-прэзідэнта: на яго немагчыма будзе завесці справу, а таксама затрымаць, дапытаць, абшукаць і г.д за злачынствы, здзейсненыя ў часе займання пасады. Недатыкальныя застануцца ягоная нерухомасць, транспарт ды іншая маёмасць. Статус можна адмяніць толькі калі экс-прэзідэнта западозраць у цяжкім злачынстве – і толькі пасля адпаведнага звароту старшыні Следчага камітэту да дэпутатаў.

Канапацкая патлумачыла, чаму прасоўвае закон пра недатыкальнасць прэзідэнта

Таксама за былым кіраўніком дзяржавы захоўваецца штомесячны заробак памерам 75 % прэзідэнцкага, а ў выпадку ягонай смерці чальцы сям’і будуць штомесяц атрымліваць 10 пенсіяў паводле страты кармільца (каля $1 тыс).

У Беларусі сёння існуе толькі «Закон аб прэзідэнце», дзе артыкул 39 прадугледжвае па сканчэнні паўнамоцтваў захаванне пенсіі і рэзідэнцыі, але асобна пазначана, што «заканадаўствам могуць устанаўлівацца іншыя прававыя і сацыяльныя гарантыі». Тым часам у сусветнай практыцы гэтыя гарантыі часта прапісаныя ў асобным законе.

Расея

Федэральны закон «Аб гарантыях Прэзідэнту РФ, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і чальцам ягонай сямʼі» існуе з 2001 году і па ключавых пунктах амаль цалкам супадае з «законапраектам Канапацкай».

Зняць статус недатыкальнасці з былога расейскага прэзідэнта можна толькі пры здзяйсненні цяжкага злачынства, калі пагодзяцца Дума (у 3-дзённы тэрмін) і Савет федэрацыі (за 3 месяцы).

Барыс Ельцын. Фота ТАСС

Што датычыць сацыяльных гарантыяў, то экс-прэзідэнту даюць дзяржаўную ахову, спецсувязь і транспарт. Ягонае жыццё і здароўе застрахаваныя дзяржавай за кошт федэральных сродкаў на суму эквівалентную гадавому прэзідэнцкаму заробку. Медабслугоўванне застаецца на ранейшым узроўні. Таксама былая першая асоба Расеі атрымлівае 75% ад месячнага заробку і адну з дзяржаўных «дач» для пражывання з сям’ёй. Захоўваецца і апарат памочнікаў, якім выдзяляюць адмысловы офіс.

У выпадку смерці, сям’я памерлага атрымлівае штомесяц 6 пенсіяў па страце кармільца.

Пятро Парашэнка. Фота УНІАН

Украіна

Сітуацыя ва Украіне кардынальна адрозніваецца: на дадзены момант былы кіраўнік дзяржавы мае законнае права толькі на «спецыяльную пенсію», памер якой вар’іруецца і дзяржаўную ахову ў разе адсутнасці імпічменту.Гэта прапісана ў законе «Аб дзяржаўнай ахове органаў улады Украіны і службовых асобаў» ад 1998 году.

За апошнія 20 гадоў прадстаўнікі розных палітычных сілаў перыядычна ўносілі на разгляд Вярхоўнай рады законапраекты аб гарантыях прэзідэнту ў адстаўцы, але дэпутаты дакумент не зацвярджалі.

Напрыканцы другога тэрміну Леаніда Кучмы, у 2004 годзе, праўладная «Народна-дэмакратычная партыя» беспаспяхова прапанавала забяспечыць былога прэзідэнта штомесячным заробкам без зменаў, дзяржаўным жыллём, медычным абслугоўваннем, сувяззю, транспартам і аховай. Пазней Ні Юшчанка, ні Януковіч пытаннем забеспячэння свайго жыцця пасля прэзідэнцтва публічна не займаліся.

Пры Парашэнку адзін з нардэпаў уносіў на разгляд законапраект, паводле якога выплачвалася б 50 % ад прэзідэнцкага заробку. Праўда, і ён не быў прыняты.

Алмазбек Атамбаеў, Курманбек Бакіеў з жонкай Таццянай. Бішкек, 31 жніўня 2007 год. Фота Reuters

Сярэдняя Азія

У большасці постсавецкіх краін Сярэдняй Азіі «эксы» уладкаваліся выдатна. Пажыццёвай недатыкальнасцю (у прававым, фізічным, маёмасным сэнсах) валодаюць прэзідэнты Таджыкістану, Узбекістану і Туркменістану. Казахскага «лідара нацыі» у адстаўцы можна прыцягнуць да адказнасці выключна ў выпадку дзяржаўнай здрады.

У Кыргызстане шэраг прывілеяў з 2003 году гарантаваў закон «Аб гарантыях дзейнасці прэзідэнта КР». Ён уключае пенсію ў памеры каля тысячы долараў, лецішча, транспарт і дзяржахову. У выпадку смерці – 6 пенсіяў штомесяц для чальцоў сям’і.

Аднак у 2018 годзе парламент Кыргызстану прагаласаваў за прапанову дэпутата ад кансерватыўна-ліберальнай партыі «Онугуу-Прогресс» распрацаваць механізм пазбаўлення былых прэзідэнтаў статусу недатыкальнасці. Гэта дазволіла б дапытаць Алмазбека Атамбаева па карупцыйнай справе. Сёлета папраўкі ў закон былі прынятыя, а экс-прэзідэнт Атамбаеў ужо амаль тры месяцы знаходзіцца ў СІЗА па абвінавачванні ў асабліва цяжкіх злачынствах.

Барак Оўбама. Фота Reuters

ЗША

Існуючы закон «Аб статусе экс-прэзідэнта ЗША» прадугледжвае, акрамя пенсіі, роўнай акладу федэральнага міністра (каля 15 тысяч долараў у месяц), бясплатную дзяржаўную ахову для ўсёй сям’і, аплату офісу, сакратарыята і ўтрыманне асабістага архіву за дзяржаўны кошт.

Цікавая традыцыя, замацаваная ў законе – будаўніцтва бібліятэкі імя былога прэзідэнта.

Былыя амерыканскія прэзідэнты не маюць ніякіх гарантыяў недатыкальнасці. Выключэнне складаў Біл Клінтан, які ў 2001-м узяў асабісты абавязак не займацца юрыдычнай дзейнасцю цягам 5 гадоў пасля сыходу з пасады, а ў абмен яго нельга было прыцягнуць па «справе Монікі Лявінскі».

Заходняя Еўропа

Экс-прэзідэнт Францы мае права застацца на дзяржаўнай службе і стаць пажыццёвым чальцом Канстытуцыйнага савету. Прыналежнасць да Канстытуцыйнага савету забяспечвае юрыдычную недатыкальнасць, аднак абавязуе адмовіцца ад вядзення якой-кольвек палітычнай дзейнасці і не прэтэндаваць на выбарныя пасады. У гэтым разе надаецца пенсія і аклад (агулам каля 11 тысяч еўра), а таксама бясплатнае жыллё (але не прэзідэнцкае), ахова і два аўтамабілі з кіроўцамі.

Герхард Шрэдэр. Фота Reuters

У Нямеччыне былы федэральны канцлер атрымлівае «ганаровае ўтрыманне» – прыкладна 200 тысяч еўра на год. У пажыццёвае карыстанне выдаюцца аўта з кіроўцам і працоўны кабінет з асістэнтамі. Пра недатыкальнасць гаворкі няма.

«Канапацкая сталася суўдзельніцай злачынстваў Лукашэнкі». Былы дэпутат – аб праекце гарантыяў першаму прэзідэнту

KA belsat.eu

Hавiны