«Неапошні» прэзідэнт і маўчанне Расеі

…І тут Аляксандр Рыгоравіч нарэшце выказаў тое, што ён думае з нагоды небратэрскіх паводзін Расеі. І рынак яны закрываюць, і газ не хочуць прадаваць па цане Смаленскай вобласці, і нафту прапануюць даражэй чым па сусветных коштах.

Але Расея маўчала

У ролі раяля ў кустах апынуўся пасол Беларусі ў Маскве Ўладзімір Сямашка, верагодна, які пераблытаў Шклоў з Масквой і вырашыў, што менавіта Шклову Беларусь павінна як зямля калгасу. А таму месца Уладзіміра Ільіча – тут, на пярэднім краі выплаты братняга доўгу. Знайшоўшы яго ў сценах завода па вытворчасці паперы, Аляксандр Рыгоравіч радасна спасылаўся на пасла як на сведку сваіх пакут, так што таму заставалася ківаць галавой у знак таго, што ўся папера ўжо змарнаваная на бессэнсоўную перапіску з урадам Мядзведзева. Які, між іншым, сышоў у адстаўку – прычым вельмі дарэчы сышоў…

Hавiны
Лукашэнка даручыў 60 % нафты набываць не ў Расеі
2020.01.21 13:16

Але Расея маўчала

Прэзідэнт заявіў аб тым, у якой менавіта непрыстойнай і адначасова нязручнай позе даводзіцца Беларусі стаяць падчас перамоваў з брацкай Масквой. Сапраўды, за такія паводзіны ў рэальным (не палітычным) жыцці іншага брата прыйшлося б пасадзіць паводле вядомага артыкула. Але прэзідэнт працягваў казаць аб неабходнасці цярпець гэта прызначанае для нашай дупы выпрабаванне і пра сваё шчырае жаданне жыць з расейскім народам у дружбе, супрацоўніцтве і, не пабаюся гэтага слова, у саюзе.

На заводзе газетнай паперы ў Шклове. Фота http://president.gov.by/

Але Расея маўчала

І тады Аляксандр Рыгоравіч дастаў з кішэні самую страшную з сваіх пагрозаў. Ён заявіў, што, маўляў, вялікая гонар быць першым прэзідэнтам сваёй краіны, але ён не збіраецца станавіцца яе апошнім прэзідэнтам. Іншы слухач, верагодна, падумаў, што прэзідэнт катэгарычна адмаўляў магчымасць ліквідацыі беларускага суверэнітэту. Аднак Расеі відавочна быў адрасаваны інакшы тэзіс: Лукашэнка можа ж і сысці! І што тады будзе з брацкімі адносінамі?

Хто яшчэ пагодзіцца прыняць падабаную Расеяй позу і працягваць адчуваць такім чынам яе братэрскія пачуцці? Ды яшчэ і плаціць за гэта сумнеўнае задавальненне па сусветных цэнах? Ніхто. То-то і яно! Дык адумайцеся, браты, пакуль Аляксандр Рыгоравіч не сышоў!

Але Расея маўчала

І сабраныя вакол прэзідэнта шматлікія прадстаўнікі працоўнага калектыву завода асцярожна ўзіраліся ў пасівелую ад шматгадовых клопатаў галаву гэтага вытворцы падпісаных міждзяржаўных папер, які гэтак удала выбраў месца для свайго выяўлення пачуццяў. Яны, як ніхто іншы, добра разумелі, што папера ўсё сцерпіць, як трывае гэты шматгадовы глум і сам Аляксандр Рыгоравіч. А ўжо калі ён цярпеў, то нам і пагатоў загадана цярпець. Бо чалавек мала чым адрозніваецца ад паперы. Яго таксама выкарыстоўваюць, а затым выкідваюць.

Аляксандр Лукашэнка дае інтэрв’ю тэлеканалу «Расея». Фота POOL / Reuters / Forum

Некаторыя асабліва удумлівыя слухачы, праўда, дэманстравалі усімі сваімі патыліцамі, звернутымі да тэлекамер, што яны згодныя з кіраўніком сваёй дзяржавы – неапошнім, проста скажам, прэзідэнтам – у яго асноўным тэзісе: маўляў, калі Расея адумаецца, то яны згодныя па-ранейшаму купляць яе танны газ і нават нафту з ільготамі і датацыямі ад расейскай дзяржавы. Карацей, вярніся, блудны брат, у нашы абдымкі. Але …

Але Расея маўчала. Ёй было не да Беларусі. У яе там ўрад – дарэчы! – сышоў у адстаўку, а новы доўга яшчэ будзе ўваходзіць у разуменне справы. Так што няясна, што горш. Хоць горш за тую позу, пра якую казаў Лукашэнка на шклоўскім заводзе па вытворчасці паперы, можа быць хіба што поўнае закручванне вентыля з наступным ускрыццём трубаправодаў. Ну, спадзяюся, вы зразумелі, пра што я кажу.

А Расея змаўчыць…

Аляксандр Фядута/АА belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў