Не толькі «Паланэзы». Беларусь прадае Азербайджану амерыканскія вінтоўкі пад савецкі патрон

Азербайджанская армія атрымлівае беларускую мадыфікацыю амерыканскай вінтоўкі AR15/М16, сведчаць фотаздымкі з візіту прэзідэнта краіны Ільхама Аліева на адну з новых вайсковых баз. Раней Баку набыў беларускія высокадакладныя ракетныя сістэмы залпавага агню «Паланэз».

Чаму багатая нафтай паўднёвакаўказская краіна купляе беларускую зброю?

Кольт пад савецкі патрон

У пачатку 2018 года ў Менску адбылося закрытае паседжанне калегіі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэту. Пры гэтым для журналістаў арганізавалі выставу навінак беларускай ваеннай прамысловасці. Сярод іх была заўважаная новая штурмавая вінтоўка – зробленая па схеме амерыканскай вінтоўкі AR-15.

Першае фота «беларускіх М16» зрабіў партал Тut.by.

Вінтоўку пад савецкі патрон 7,62×39 прэзентавала дзяржаўнае прадпрыемства Белспецзнештэхніка – падраздзяленне Ваенна-прамысловага камітэту Рэспублікі Беларусь.

Зброя важыць 4,56 кг, даўжыня рулі – 406 мм, агульная даўжыня зброі – 985 мм. Магазін нагадвае гэткі ад «калашнікава» і змяшчае 30 патронаў. Бачныя тэлескапічны прыклад і «планка Пікаціні», якая дазваляе мацаваць розныя прыцэлы ці ліхтары.

Амерыканскі жаўнер з вінтоўкай М4. Фота – Корпус марской пяхоты ЗША.

Арыгінальная AR-15 – гэта напалову аўтаматычная (то бок адзін націск на спускавы кручок – адзін стрэл) вінтоўка кампаніі ArmaLite, права на якую потым набыла славутая Colt’s Manufacturing Company. У 1960-я гады аўтаматычны варыянт AR-15 быў прыняты на ўзбраенне войска ЗША пад індэксам M16. Зараз ЗША выкарыстоўвае скарочаную мадыфікацыю M16 – М4.

Беларуская М16 на Каўказе

Фотаздамкі з азербайджанскім прэзідэнтам і новымі беларускімі вінтоўкамі заўважыў сайт 21stcenturyasianarmsrace.com.

Ільхам Аліеў і беларускія М16.

Вядомы збройны блог thefirearmblog.com адзначае, што беларуская вінтоўка можа быць мадыфікацыяй аналагічнай сістэмы фірмы Arsenal Firearms, якая была прадстаўленая публіцы вясной 2017 года.

Улічваючы, што Беларусь зараз не мае значных магутнасцяў для вытворчасці стралковай зброі амаль любога калібру – беларускі ваенна-прамысловы комплекс спецыялізуецца пераважна на высокатэхналагічнай электроніцы – магчыма, наша краіна ў асноўным збірае свой варыянт М16 з замежных камплектуючых.

Беларуска-закаўказскае сяброўства. Чаму?

Менск і Баку маюць ваенна-прамысловыя комплексы, якія даволі дынамічна развіваюцца і могуць у значнай ступені дапаўняць адзін аднаго. Да таго ж дзве краіны маюць блізкія па характарыстыках палітычныя рэжымы, а Аляксандр Лукашэнка і Ільхам Аліеў, наколькі можна судзіць, лёгка знаходзяць агульную мову. Адзначым, што палітычны рэжым у Баку не замінае, напрыклад, і Ізраілю прадаваць зброю Азербайджану.

Бранеаўтамабіль Otokar Cobra азербайджанскай арміі з СТРК «Скіф», 2011 год. Фота wikipedia.org

Акрамя таго Азербайджан і Беларусь адначасова намагаюцца, захоўваючы добрыя адносіны з Масквой, шукаць новыя пляцоўкі для супрацы ў сваіх рэгіёнах і па ўсім свеце. Гэтак, Баку мае добрыя адносіны і з Турцыяй, і з ЗША, а Менск намагаецца палепшыць свой імідж на Захадзе і шукае партнёрства з Кітаем.

Баку ўжо не першы раз выступае пакупніком прадукцыі беларускага ВПК. Раней Азербайджан стаў першым замежным пакупніком сістэм залпавага агню «Паланэз». Таксама ў 2011 годзе, калі Баку захацеў набыць украінскую радыёлакацыйную станцыю тыпу 80К6, менавіта азербайджанскі бок прапанаваў паставіць РЛС на беларускія колы Менскага заводу колавых цягачоў. У 2010 годзе Азербайджан стаў пакупніком яшчэ адной беларуска-украінскай распрацоўкі – супрацьтанкавага ракетнага комплекса (СТРК) «Скіф».

Агулам можна сказаць, што Баку мае нафтадолары, а Менск – даволі высокія ваенныя тэхналогіі па даступным кошце. Характар і стратэгія палітычных рэжымаў блізкія. Дык чаму б ім не гандляваць?

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Hавiны