Не толькі «Белгазпрамбанк»: 3,5 гісторыі пра тое, як дзяржава змяняла адміністрацыю ў прыватных банках


Belsat.eu распавядае, да чаго раней прыводзіла ўмяшанне Нацыянальнага банку ў справы прыватных банкаў і з чым гэта было звязана.

На гэтым тыдні Нацбанк прызначыў у «Белгазпрамбанк» часовую адміністрацыю, якую ўзначаліла Надзея Ермакова. Рэгулятар растлумачыў, што рашэнне нібыта звязана з невыкананнем банкам ліцэнзійных патрабаванняў, а таксама наяўнасцю крымінальнай справы ў дачыненні яго службовых асобаў. Прымусовую змену адміністрацыі акцыянеры банку назвалі «незаконнай», а былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка ахарактарызаваў гэтыя дзеянні як «рэйдарскі захоп». Эканамісты, апытаныя belsat.eu, адзначалі, што фармальных падставаў для ўмяшання ў справы банку ў дзяржавы няма, бо звычайна часовая адміністрацыя прызначаецца ў выпадку праблемаў з плацежаздольнасцю, а такіх праблемаў у «Белгазпрамбанку» не было.

Абноўлена
«Гэта рэйдарскі захоп з боку дзяржавы», – Бабарыка пра пераслед «Белгазпрамбанку»
2020.06.14 09:22

Паводле дадзеных Нацбанку, усяго за часы незалежнасці ў Беларусі былі ліквідаваныя 27 банкаў (большасць з іх яшчэ ў 90-я) і яшчэ 3 банкі цяпер знаходзяцца на стадыі ліквідацыі. Звычайна краху банкаў папярэднічала скасаванне рэгулятарам ліцэнзіяў, неаднаразова гэтыя падзеі суправаджаліся крымінальным пераследам іх кіраўнікоў. Тройчы за апошнія 20 гадоў Нацбанк ішоў на прызначэнне часовай адміністрацыі ў прыватныя банкі. Аднак гэтыя рашэнні рэгулятара банкі не ратавалі – два з іх усё роўна абанкруціліся, а адзін быў далучаны да дзяржаўнага банку.

«МенскКомплексБанк»: даклад Шэймана і жорсткі прысуд

Часовая адміністрацыя ў «МенскКомплексБанк» была прызначана ў верасні 2003 года. Рэгулятар тлумачыў гэта тым, што банк «не можа выконваць бягучыя плацяжы, не выконвае абавязковыя эканамічныя нарматывы, працуе са стратамі».

На той момант заснавальнік банку Яўген Краўцоў ужо больш за год знаходзіўся за кратамі – летам 2002-га ў цягніку Менск-Масква яго арыштаваў КДБ. Банкіра абвінавацілі ў крадзяжы банкаўскіх сродкаў. За некалькі месяцаў да таго Краўцоў сышоў у адстаўку з пасады старшыні праўлення «МенскКомплексБанку».

Яўген Краўцоў.
Фота: spvpk.ru

Яўген Краўцоў – адзін з самых паспяховых беларускіх банкіраў 90-х. Кліентамі «МенскКомплексБанку» былі буйныя прадпрыемствы, у тым ліку «Гарызонт». А сам банкір актыўна падтрымліваў культурніцкія праекты – быў прадзюсарам некалькіх мастацкіх фільмаў і гумарыстычных праграмаў, а таксама прафінансаваў першы альбом групы «Ляпіс Трубецкой».

Краўцоў на судзе сваю віну катэгарычна не прызнаваў. Напярэдадні вынясення прысуду пра «справу Краўцова» Аляксандру Лукашэнку дакладваў Віктар Шэйман, які тады займаў пасаду генеральнага пракурора. Як паведамлялі дзяржаўныя тэлеканалы, Лукашэнка даручыў Шэйману «ўзяць на асаблівы кантроль» расследаванне гэтай і іншых крымінальных справаў. На наступны дзень вынясенне выраку перанеслі на тры гадзіны, а пасля гэтага, як пісалі газеты, экс-банкір атрымаў «беспрэцэдэнтны ў беларускай гісторыі тэрмін» – 9 гадоў пазбаўлення волі. Праз год Лукашэнка сваім указам далучыў «МенскКомплексБанк» да дзяржаўнага «Беларусбанку».

Яўген Краўцоў правёў за кратамі 5 гадоў, а ў 2012-м памёр ад раку.

«Джэм-банк»: 23 гады турмы і «дачыненні з адміністрацыяй прэзідэнта»

Нацбанк прызначыў часовую адміністрацыю ў «Джэм-банк» у ліпені 2005 года. Банк вінавацілі ў «высокарызыкоўнай палітыкі пры размяшчэнні сродкаў у замежных банках» і няздольнасці разлічыцца з укладчыкамі (праблемнымі прызналі 45 % усіх абавязкаў), у яго адклікалі ўсе ліцэнзіі.

Кіраўніцтва банку пратэставала супраць такога рашэння рэгулятара. У адмысловым прэс-рэлізе «Джэм-банк» сцвярджаў, што са студзеня 2003 года ўлады мэтанакіравана рэалізоўвалі план па «дэстабілізацыі працы банку», на адміністрацыю і працаўнікоў ажыццяўляўся ціск, у тым ліку сілавы.

Паралельна ў жніўні 2005 года пад крымінальным пераследам аказаліся кіраўнікі банку Аляксандр Татарынцаў і Сяргей Блізнюк – паводле КДК, яны скралі болей за $ 16 млн. Акцыянер банку Яўген Окса (грамадзянін Латвіі) быў абвешчаны ў вышук праз Інтэрпол. У 2006-м суд пакараў Татарынцава 12 гадамі пазбаўлення волі, а Блізнюка – 11. Вінаватымі сябе яны не прызналі.

Адміністрацыя прэзідэнта.
Фота: Ірына Арахоўская / «Белсат»

Некаторыя эксперты не выключалі, што на справу «Джэм-банку» паўплывала палітыка.

«Джэм-Банк» нейкім чынам быў датычны да палітычных пытанняў. Наколькі вядома, у яго былі асаблівыя дачыненні з адміністрацыяй прэзідэнта», – адзначаў у свой час аглядальнік газеты «Белорусы и рынок» Уладзімір Тарасаў.

Паводле чутак, праз «Джэм-банк» ажыццяўлялі сваю дзейнасць фірмы і фонды, звязаныя з Віктарам Шэйманам – тагачасным кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак ніякіх доказаў палітычнага характару справы апублікавана не было.

У 2007-м распачалася працэдура банкруцтва «Джэм-банку», а ў 2011 годзе ён быў канчаткова ліквідаваны. Па выніку 55,17 % усіх крэдытных абавязкаў банку (каля Br 27,37 млрд) так і засталіся нездаволенымі.

«Дэльта-банк»: крах ва Украіне і кантракты з Бэлізам

Адным з сузаснавальнікаў «Дэльта-банку» (першапачатковая назва – «Атам-банк») быў як раз «Джэм-банк». У 2007 годзе, калі кіраўнікі «Джэм-банку» ўжо сядзелі за кратамі, «Атам-банк» набыў украінскі бізнесовец Мікалай Лагун. Аднак у выніку гэты банк фактычна паўтарыў лёс свайго заснавальніка.

«Дэльта-банк».
Фота: myfin.by

У 2014 годзе «Дэльта-банк» пачаў адчуваць фінансавыя праблемы. У сакавіку 2015 года Нацбанк прызначыў у банк часовую адміністрацыю «на падставе аналізу паказнікаў бягучай дзейнасці» і «на фоне негатыўных падзей, якія адбываюцца ў АТ «Дэльта Банк» (Украіна)». Справа ў тым, што за тыдзень да гэтага ўкраінскія ўлады прызналі кіеўскі «Дэльта-банк» Мікалая Лагуна неплацежаздольным і таксама прызначылі туды часовую адміністрацыю.

У тым жа месяцы Нацбанк Беларусі пазбавіў «Дэльта-банк» ліцэнзіі. Часовая адміністрацыя высветліла, што рэсурсы банку за мяжой выкарыстоўваліся для забеспячэння выдачы крэдытаў трэцім асобам. Гэтую інфармацыю ў сваіх справаздачах «Дэльта-банк» не адлюстроўваў, што з’яўлялася сурёзным парушэннем.

Пасля гэтага «Дэльта-банкам» зацікавіліся праваахоўныя органы. У кастрычніку 2015 года Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што «Дэльта Банк» збанкрутавалі наўмысна. У прыватнасці, па версіі следства, чацвёра падазраваных кіраўнікоў банку заключалі нявыгадныя дагаворы з кампаніяй з Бэлізу. А кампанію, у сваю чаргу, кантраляваў адзін з чальцоў савета дырэктараў. Падазраваных СК затрымаць не змог – яны на той момант ужо знаходзіліся па-за межамі Беларусі.

У 2015 годзе Вярхоўны Суд распачаў працэдуру банкруцтва «Дэльта-банку». Яна не завершана дагэтуль.

БСБ-банк: пераварот «па любві»

БСБ банк.
Фота: neg.by

За тры гады да таго як узначаліць праўленне «Белгазпрамбанку», Надзея Ермакова была прызначана сябрам савету дырэктараў і назіральнай рады «БСБ-банку (раней – BelSwissBank).

Праблемы ў банку з’явіліся летам 2017 года. Тады Нацбанк адклікаў у БСБ-банку ліцэнзію на працу з фізічнымі асобамі, патлумачыўшы гэта «парушэннямі і недахопамі», выяўленымі падчас праверак. У выніку фізасобы знялі з рахункаў 55 мільёнаў рублёў. Канкрэтныя прычыны скасавання ліцэнзіі не паведамляліся, але СМІ звярталі ўвагу на непразрыстыя схемы дзейнасці банку.

Банк афіцыйна выказваў здзіўленне жорсткім рашэннем Нацбанка і падкрэсліваў, што яно не адпавядае выяўленым парушэнням. У Нацбанку ў сваю чаргу скардзіліся на нежаданне БСБ «наладзіць дыялог з рэгулятарам». У выніку ў жніўні 2017 года кіраўніцтва банку было змененае: старшынёй банку прызначылі былога намесніка старшыні праўлення Нацбанку Сяргея Дубкова, а ў савет дырэктараў і назіральную раду ўключылі экс-кіраўніка Нацбанку Надзею Ермакову. Праз 11 дзён рэгулятар вярнуў БСБ-банку ліцэнзію на працу з фізічнымі асобамі, патлумачыўшы гэтым тым, што банк правёў працу «па ліквідацыі выяўленых у ходзе праверкі банку парушэнняў і недахопаў». Пазней Ермакова таксама ўзначаліла савет дырэктараў БСБ-банка, куды таксама ўвайшоў трэнер хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў і бізнесовец Сяргей Кагановіч, які ўдзельнічае ў спаборніцтвах з удзелам каманды прэзідэнта.

Асаблівасць гісторыі БСБ-банку ў тым, што Нацбанк не ўводзіў туды часовую адміністрацыю і дэ-юрэ наагул не меў дачынення да змены кіраўніцтва. Прызначэнне Дубкова і Ермаковай было аформлена рашэннем агульнага сходу акцыянераў.

Hавiны
Гульні каля трону: якія прывілеі атрымлівае хакейнае атачэнне Лукашэнкі і хто гэтыя людзі?
2020.05.27 20:53

ІІ belsat.eu

 

 

Стужка навінаў