«Не так паглядзеў – расстрэльвалі». Успаміны пра Гарадзенскае гета


23 сакавіка ў Цэнтры гарадскога жыцця прайшла прэзентацыя агучанага дзённіка вязня Гарадзенскага гета. Нататнік знайшлі ў сярэдзіне мінулага стагоддзя, і толькі ў 2011 годзе запісы дачакаліся публікацыі на чатырох мовах. На сустрэчы выступіла карэнная гарадзенка, якая ў часе акупацыі бачылася з знаёмымі габрэямі.

«1943 г., люты, 12-га. Дзень народзінаў дачушкі Тосенькі. 13-га, субота, чыстка. Забойства маёй дачушкі каля 10-й раніцы каля бажніцы. 17-га, маё вяртанне. Я сірата. У мяне няма ні жонкі, ні дзяцей. Пошукі дарэмныя. 18-га, чацвер. Неспакойнае сэрца цягне на могілкі. Сярод забітых 34 мужчыны і 10 жанчын. Мая дачушка Тося жыла 16 гадоў і 10 гадзінаў. 19-га. Капаю магілу для дзіцяці. Зямля цвёрдая, няма сілаў, але пахавалі. Што датычыць жонкі Фэлі і сыночка Генэка, спрэчныя навіны. Можа, яны выратаваліся і жывыя», – так гучалі першыя запісы з дзённіка невядомага мужчыны, які пакінуў 28 запісаў па-польску.

Руслан Кулевіч выконвае ролю вязня Гарадзенскага гета, які хаваўся на гарышчы.
Фота: Паўліна Валіш / «Белсат»
Рэжысёрка перформансу «запісаная», якая агучыла дзённік вязня Гарадзенскага гета. Ганна Суліма.
Фота: Паўліна Валіш / «Белсат»

Некалькі гадоў таму рэжысёрка Ганна Суліма вырашыла агучыць запісы, што і зрабілі разам з музыкам Дзянісам Кудраўцовым. Першую прэзентацыю ў Горадні агучанага дзённіка рэжысёрка вырашыла аформіць тэатралізаваным перформансам, каб прысутныя адчулі сябе як на гарышчы, дзе хаваўся вязень. Ролю габрэя выканаў журналіст, які займаецца зборам успамінаў гарадзенцаў сталага веку, Руслан Кулевіч.

Перформанс Ганны Сулімы «Запісная».
Фота: Паўліна Валіш / «Белсат»

«Залатыя завушніцы вырывалі з вушэй»

Асаблівай госцяй імпрэзы была найстарэйшая жыхарка Горадні, якая ў дзяцінстве наведвала гета. Раіса Шымбарэвіч нарадзілася ў 1934 годзе ў Горадні, і на момант стварэння гета ёй было ўсяго 8 гадоў. «У 1941 годзе немец даў загад, каб габрэі здалі ўсе каштоўнасці. Ездзіла фурманка са скрыняй, куды збіралі залатыя рэчы. Нават з вушэй маглі вырваць завушніцы. Зубы вырывалі залатыя. Потым у 1942-м быў яшчэ загад: збіралі ў габрэяў бронзу, медзь, лыжкі, карціны. Усё, што маглі, у габрэяў рабавалі», – згадвае жанчына.

Як распавяла госця, яе сям’я заўсёды жыла дружна з габрэямі. Бацька спадарыні Раісы да вайны працаваў на параходзе, а маці служыла ў габрэйскай сям’і Бяркоўскіх, якім старалася дапамагчы, нават калі яе гаспадароў перасялілі ў гета.

Раіса Шымбарэвіч.
Фота: Паўліна Валіш / «Белсат»

«У будынку, дзе сёння ўкраінскае пасольства, быў праход, другі ўваход быў на вуліцы Віленскай. Мая маці трымала карову і ездзіла ў гета па бульбянае лушпінне. Там яна сустракалася з Бяркоўскімі. Нешта схавае заўсёды і людзям занясе, каб перакусілі. Аднойчы ехаў мужчына возам, я на яго заскочыла, і так туды праехала. Знайшла Бяркоўскіх. З іх сынам Лёфкам мы цэлы дзень гулялі. Мужчынаў не было, бо ўсіх ганялі на цяжкую працу. Умовы былі невыносныя. У адзін пакойчык іх сялілі па дзве сям’і. У кожнага на спіне была жоўтая зорка. Усе спалі на падлозе. Што яны елі, я не ведаю», – кажа Шымбарэвіч.

«Яна толькі зірнула праз дрот на гета, дык немец узяў яе і забіў»

Увечары, пагуляўшы з хлопчыкам, маленькая Раіса пайшла дадому. На ўваходзе яе спыніў здзіўлены немец, аднак убачыўшы, што ў дзяўчынкі светлыя валасы і чыстая сукенка, адпусціў. Дзяўчынка схлусіла, што прыехала з маці па лушпінне, але згубілася. Паліцай, які перакладаў, прыгразіў, што наступны раз не выпусціць. «Яшчэ раз убачу, пойдзеш з жыдамі!» – сказаў ён. Васьмігадовая дзяўчынка не разумела, наколькі небяспечна было заходзіць у гета.

Журналіст Руслан Кулевіч плануе ў будучыні стварыць дадатак для тэлефонаў з аўдыё экскурсіяй па Гарадзенскаму гета.
Фота: Паўліна Валіш / «Белсат»

«Калі неяк не так перад немцам прайшоў, то нагайкай білі. Не так паглядзеў – расстрэльвалі. І не толькі габрэяў. Дзе сёння Дом піянераў, стаяў домік. Там жыла сяброўка маёй цёткі, Антаніна. Яна выйшла з хаты і толькі зірнула праз дрот на гета. Дык немец узяў яе і забіў. Яны не лічылі цябе за чалавека. На Савецкай плошчы раней быў базарчык, і мы там бегалі. І калі немец павесіў там жанчыну… Я калі ўбачыла гэты язык фіялетавы, то страціла прытомнасць. Ачуняла я ў мужыка на возе. Ён мне тады пляснуў пад зад, і я пайшла да хаты. З таго моманту я перастала па горадзе бегаць», – згадвае Раіса Шымбарэвіч.

Перформанс Ганны Сулімы «Запісная».
Фота: Паўліна Валіш / «Белсат»

У 1943 годзе пасля абеду ўсіх габрэяў сагналі на вакзал, загрузілі ў вагоны для быдла і павезлі ў Асвенцім. «Больш нічога пра Бяркоўскіх ні мая маці, ні я ніколі не чулі», – кажа жанчына.

Увесну 1943 года фашысты знішчылі 29 тыс. габрэяў з Горадні ды ваколіцаў. Як паведаміў Руслан Кулевіч, яны разам з Ганнай Сулімай плануюць стварыць дадатак для тэлефона з аўдыёэкскурсіяй па месцах Гарадзенскага гета.

Паўліна Валіш, фота аўтаркі belsat.eu

Стужка навінаў