«Не пужае дождж, пужае Лукашэнка». Прайшоў першы пікет Святланы Ціханоўскай у Бабруйску


Збор подпісаў распачаўся а 18-ай гадзіне, а ўжо праз паўгадзіны ў чарзе стаялі 165 чалавек. Моцны вецер і дождж не спыняліся, а людзі падыходзілі і падыходзілі.

Фота: Belsat.eu

30 траўня ў Бабруйску прайшоў першы пікет па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Напярэдадні ў мясцовым чаце «Бабруйск для жыцця» пачалі з’яўляцца паведамленні, што з-за дрэннага надворʼя ўсё адмяняецца. Але арганізатары папярэдзілі, што гэта хлусня і спробы сарваць збор подпісаў, які адбудзецца пры любым надворʼі.

Фота: Belsat.eu

На пікет прыйшлі людзі розных узростаў: у чарзе стаялі і пенсіянеры, і маладыя пары з дзецьмі,

«Бачыце, я цяжарная і стаю тут пад дажджом, бо хочацца перамен, бо хачу падтрымаць Святлану і Сяргея. Я ім веру. Я хачу, каб мы нарэшце пачалі жыць лепш. Я ўчора глядзела, як затрымалі Сяргея. Гэта бесчалавечна», – распавяла, чаму прыйшла на пікет, маладая дзяўчына, якая назвалася Наталляй.

Фота: Belsat.eu

Мінакі са здзіўленнем глядзелі на чаргу.

«Галя, я такога яшчэ не бачыў у нас», – казаў мужчына, які праходзіў міма і размаўляў па тэлефоне.

Фота: Belsat.eu

Некаторыя машыны, праязджаючы ўздоўж чаргі, сігналілі. Нехта крычаў «Стоп таракан» і «Жыве Беларусь!».

«Я не тое каб за Ціханоўскага, я супраць Лукашэнкі, – распавяла пенсіянерка Галіна. – Я проста хачу жыць. Я адпрацавала ўсё жыццё, і не бачу цяпер нічога, а маім дзецям тут няма дзе працаваць. Я стаю тут дзеля дзяцей. Мяне не пужае дождж, мяне пужае Лукашэнка».

Фота: Belsat.eu

Прыйшоў паставіць подпіс старшыня бабруйскай суполкі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Юры Грынявецкі.

«Я не за Ціханоўскага, я супраць. Супраць таго, што ёсць цяпер. Я за тое, каб было больш годных кандыдатаў. Я не веру, што Святлану зарэгіструюць, бо яе мужа ўлада вельмі баіцца. Бо ён зрабіў так, што паўстала не апазіцыя, якая 26 гадоў талдычыла, хто ў нас пры ўладзе, а нізы, якія ніколі раней не былі ў палітыцы», – мяркуе спадар Юры.

Фота: Belsat.eu

«Я лічу, што Ціханоўская – адзіны годны кандыдат сёння, – лічыць бабруйчанін Зміцер. – Надакучыла ўсё – нізкія заробкі, што ты нічога не можаш сказаць. Я веру, што Ціханоўскія могуць змяніць Беларусь. Яны ўжо змянілі. Бо колькі ў нас было выбараў, я ніколі не бачыў такіх чэргаў, і каб так падтрымлівалі некага з кандыдатаў».

Фота: Belsat.eu

Да самага канца збору подпісаў, а 20-ай гадзіне, чарга не змяншалася, Наступны пікет у падтрымку Святланы Ціханоўскай у Бабруйску пройдзе 4 чэрвеня з 14:00 да 21:00 каля ГЦ« Карона».

Фота: Belsat.eu

НА, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў