«Не шпіталь, а прытон». Гамяльчанку год прымусова трымаюць у туббольніцы


Аблезлая тынкоўка, іржавыя душы, грыбок і цвіль ва ўсім будынку. У гэткіх умовах трымаюць хворых на туберкулёз у Гомельскай туберкулёзнай больніцы. У рэдакцыю belsat.eu звярнулася адна з пацыентак установы, якая распавяла пра сваё прымусовае ўтрыманне ў ізаляцыі, антысанітарыю і нядбайнасць медперсаналу, што даглядае жыхароў шпіталю.

Вікторыі Несцяровіч 34 гады. У 2015 годзе жанчына працавала ў краме, і падчас абследавання для працягнення санкніжкі флюараграфія выявіла плямы ў лёгкіх. Тады Вікторыя ўпершыню трапіла ў Гомельскую туббольніцу. Летась у снежні праз зніжэнне імунітэту ў яе здарыўся рэцыдыў, і гамяльчанка зноў аказалася ў больніцы. За парушэнне рэжыму яе перавялі ў закрытае аддзяленне. Вікторыя кажа, ёй адразу прыгразілі, што ўвесь курс лячэння, які доўжыцца ад 20 да 24 месяцаў, яна правядзе ў закрытым рэжыме:

«Мне наўпроставым тэкстам сказалі, што ім буяны не патрэбныя. Я не адмаўляю, што парушала рэжым, мяне злавілі на распіцці алкаголю. Але я ўжо даўно не п’ю і падставаў ізаляваць мяне няма – аналізы чыстыя з мінулага сакавіка, прэпараты я прымаю без парушэнняў, ад лячэння не адмаўляюся».

Вакно ў палаце Вікторыі

«Не пашанцавала»

Вікторыю ўжо год не выпускаюць з корпусу, у палаце на вокнах краты, праз якія нельга адчыніць раму напоўніцу. Адзінае месца, дзе можна падыхаць паветрам, – шпацырны двор, агароджаны плотам з калючым дротам.

«Лекары кажуць, што сумняюцца ў маёй добрасумленнасці, што я вярнуся да старога ладу жыцця. Гэта не аргумент для суда. Усе памыляюцца, але чаму адныя ходзяць на волі, а я сяджу ў клетцы? На што галоўны лекар кажа, маўляў, табе не пашанцавала».

Двор, куды выпускаюць пацыентаў закрытага аддзялення
Двор, куды выпускаюць пацыентаў закрытага аддзялення

Нягледзячы на ўсе аргументы Вікторыі кіраўніцтва больніцы кожныя паўгода падае запыт на падаўжэнне ейнага ўтрымання ў шпіталі. Ужо другі раз суддзя выносіць рашэнне на карысць установы. На паседжанне жыхарку Гомля не пускаюць і на выязное згоды таксама не даюць. У Вікторыі няма родных, апроч дзядулі, але і ў спатканнях з ім адмаўляюць. Аплаціць юрыста яна таксама не мае магчымасці:

«Я гатовая пайсці на амбулаторнае лекаванне, ёсць, дзе жыць. Цяпер нам трэба прадаць кватэру, мне трэба да натарыуса, але мяне не выпускаюць нягледзячы на тое, што нават ахоўнік пагадзіўся суправаджаць».

Вакханалія і беспрабуднае п’янства

Вікторыю не задавальняе не толькі ейная прымусовая ізаляцыя, але і ўмовы ўтрымання ў шпіталі. Гамяльчанка дадае: кіраўніцтва цісне на яе, бо тая не хавае фактаў неахайнага стаўлення медперсанала да выканання абавязкаў. Дзяўчына пералічвае ведамствы, куды паспела паскардзіцца і атрымала адпіску або адказу не прыйшло зусім: пракуратура, Міністэрства ўнутраных справаў, Упраўленне аховы здароўя.

«У закрытым аддзяленні, дзе я цяпер, нармальныя санитарныя ўмовы. Яно лічыцца ўзорным, з нулявой смяротнасцю ды больш-менш добрай дысцыплінай. У палатах як у лабараторыі, загадчыца тут строгая, але справядлівая».

Аднак у адкрытым аддзяленні, дзе жанчына была на пачатку, жах, сцвярджае яна:

«На нас нібыта вылучаюцца вялізныя грошы рознымі фондамі, але дзе яны? Шмат хто тут чуў ад дактароў, што пацыенты – іхны заробак».

Сярод парушэнняў, на якія звяртала ўвагу Вікторыя, – абмежаванне ў доступе да патрэбных для хворых прадуктаў, антысанітарыя, некантраляваная выдача лекаў, якія проста кідаюць на ложак, п’янства і магчымасць беспакарана выходзіць са шпіталю.

«Там ляжаць небяспечныя для здароўя іншых людзі з адкрытаю формай туберкулёзу, якія могуць інфікаваць іншых. Яны бесперашкодна ездзяць у горад, на выходныя, выходзяць у краму па алкаголь. Вядома, усё неафіцыйна. Сваякі да некаторых прыязджаюць, застаюцца на ноч і пʼюць разам. Кураць проста ў палатах, гоняць брагу, і ніхто на гэта не звяртае ўвагі. За некалькі рублёў санітарка сама ўначы вас выпусціць за дагонкай. Шмат хто проста не вяртаецца. Не больніца, а прытон».

Вікторыя дадае, што шмат каго такія ўмовы задавальняюць: у больніцы ўтрымліваюцца бесхацінцы, былыя вязні. Таму тут здараюцца і крывавыя інцыдэнты: то пʼяны пацыент пырне іншага нажом, то хтосьці ўдарыць суседа бутэлькай па галаве.

«І атрымліваецца – адзін у рэанімацыі, а другі ў СІЗА».

Словы Вікторыі пацвярджае пацыент Сяргей, які цяпер ляжыць у адкрытым аддзяленні. Мужчына кажа, што ўмовы ўтрымання жудасныя, але да медперсаналу прэтэнзіяў не мае:

«Так, там страшна, але дактары, санітары добрыя, нічога не магу сказаць дрэннага. Там, можна сказаць, цвярозых і няма. У асноўным пенсіянеры, дык яны пенсію атрымліваюць, і ўсё аддзяленне кругласутачна п’е. Санітары толькі ходзяць бутэлькі збіраюць».

Палата ў закрытым аддзяленні, дзе цяпер ляжыць Вікторыя

Скаргі плёну не прыносяць

Пасля адной са скаргаў Вікторыі на ўмовы ўтрымання ва ўстанове яе наведала камісія з Менску. Паводле жыхаркі Гомля, кіраўніцтва туббольніцы паказала нейкія паперкі, і тыя зʼехалі.

«Яны прыкрываюцца тым, што ў іх ідзе рамонт. Калі ён ідзе, чаму няма ніякіх рамонтных працаў? З 2015 года ён ідзе, і становіцца толькі горш».

Адказ на скаргу Вікторыі Несцяровіч

Мы звярнуліся па каментар да кіраўніцтва Гомельскай туберкулёзнай больніцы. Кіраўніца больніцы Наталля Жураўлёва выехала на двухтыднёвую вучобу. Лекарка Вікторыі Алена Злотнікава запэўніла нас, што ніхто нікога наўмысна і супраць волі не трымае, аднак каментаваць яна нічога не можа. Тое ж самае мы пачулі ад загадчыцы пятага аддзялення Антаніны Лапанавай.

Вікторыя Несцяровіч збіраецца падаваць апеляцыю на рашэнне суда і пісаць скаргу ў Вярхоўны суд.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў