Назіральнікі за тры дні датэрміновага галасавання зафіксавалі 238 парушэнняў на выбарах


Кампанія «Права выбару-2019» на сёлетніх выбарах распачало так званае «татальнае назіранне», на пэўнай акрузе на кожным участку знаходзіцца назіральнік. Агулам назіранне ладзяцца па 9-ці акругах і служыць стрымліваючым фактарам у плане фальсіфікацыяў, распавёў «Белсату» Алесь Сілкоў, нацыянальны каардынатар кампаніі назірання «Права выбару-2019».

Алесь Сілкоў.
Фота: Белсат

Паводле словаў Алеся Сілкова назіральнікі штодня фіксуюць шэраг парушэнняў, на якія складаюцца скаргі і заявы.

«Нашыя назіральнікі зафіксавалі 238 інцыдэнтаў, гэта значыць парушэнняў закону. Назіральнікі склалі і падалі 148 скаргаў. 30 % ад парушэнняў – гэта неналежнае захоўванне скрыняў для галасавання. Гэта значыць, што пасля заканчэння галасавання памяшканне, дзе знаходзіцца скрыня, не апячатваецца. Кожны можа туды зайсці і нешта там зрабіць. Другое месца па парушэннях – неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў. Лічбы назіральнікаў і занатаваныя ў пратаколе ад камісіяў істотна адрозніваюцца», – распавёў «Белсату» Алесь Сілкоў.

Паводле каардынатара кампаніі назіральнікі вымушаныя выклікаюць міліцыю, бо камісіі не рэагуюць на заўвагі. У той жа час камісіі выдалілі 10 найбольш актыўных назіральнікаў і пазбавілі іх акрэдытацыі,.

«Але ў любым выпадку яўка паводле назіральнікаў складае ад 7 да 20 адсоткаў. Але гэтая лічба істотна адрозніваецца ад той, што падае афіцыйна Цэнтрвыбаркам», – адзначае Алесь Сілкоў.

Аб’ектыў
Ярмошына абараняе фальсіфікатараў ад назіральнікаў
2019.11.14 21:10

У параўнанні з 2016 годам колькасць парушэнняў сёлета менш

Пра тое, якім чынам будзе развівацца сітуацыя з выбарамі, аналітыкі даюць папярэднюю ацэнку на этапе фармавання выбарчых камісіяў.

«Наша кампанія на этапе фармавання складу камісіі вылучыла 411 асобаў па ўсёй Беларусі. Але ў выніку ў камісіі патрапіў толькі адзін чалавек у Берасці. Раней былі нашыя прадстаўнікі, а цяпер іх проста не пусцілі», – адзначыў Алесь Сілкоў.

Другой адметнасцю сёлетняй выбарчай кампаніі стала тое, што на мінулых выбарах накрутка колькасці тых, хто прагаласаваў на датэрміновым галасаванні была большая. На думку каардынатара «Права выбару-2019» гэтаму садзейнічае назіранне, а таксама медыйнае падтрыманне. Сёлета СМІ шырока паведамляюць пра факты парушэнняў.

«Яшчэ адным момантам сёлетняй выбарчай кампаніі стала тое, што назіральнікі досыць часта сутыкаюцца з тым, што старшыні камісіяў не ведаюць законаў, сваіх абавязкаў. Часта блытаюцца ў тым, што трэба пісаць у пратаколах», – падсумоўвае Алесь Сілкоў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў