Назіральнік злавіў дзяўчыну, якая спрабавала ўкінуць пачку бюлетэняў на выбарчым участку


Юрый Вашчанчук зняў на відэа спробу ўкінуць некалькі бюлетэняў на ўчастку № 37 Берасцейскай усходняй акругі № 3.

Назіральнік запытаў у дзяўчыны, якая спрабавала здзейсніць укід, адкуль яна ўзяла столькі бюлетэняў, але тая нічога не адказала і выйшла з участку разам з бюлетэнямі.

На відэа чуваць, як нейкая жанчына кажа: «Выйдзіце, выйдзіце». Вашчанчук сцвярджае, што гэта голас старшыні выбарчай камісіі Таццяны Мосінай.

«У руках гэтая дзяўчына мела не менш за 20 бюлетэняў», – распавёў у размове з Belsat.eu Юрый Вашчанчук.

Hавiны
Прагноз Ярмошынай і падлікі назіральнікаў. Ці чакаць рэкорду датэрміновага галасавання?
2019.11.13 08:34

Юрый Вашчанчук таксама дадаў, што ён назірае за выбарцамі, якія падыходзяць да скрыні для галасавання, з адлегласці каля 12 метраў і бачыць іх са спіны. «Падчас назірання я некалькі разоў заўважаў, што некаторыя выбарцы кідаюць у ўрну больш за адзін бюлетэнь. Чуваць, як пачак паперы падае туды», – патлумачыў Вашчанчук.

Назіральнік падаў скаргу ў акруговую выбарчую камісію ў звязку з інцыдэнтам на выбарчым участку. Паводле Юрыя Вашчанчука, старшыня гэтай акруговай камісіі нагадала яму, што здымаць на выбарчым участку забаронена. «Яна скептычна выказалася наконт відэа, бо не бачна, што ў дзяўчыны ў руках», – распавёў Belsat.eu назіральнік.

Журналістам euroradio.fm удалося знайсці верагодную фальсіфікатарку, якую злавіў назіральнік. Ёй аказалася Анастасія Кулічкова, якая працуе педагогам-псіхолагам у дзіцячым садку. Гэты садок месціцца за 50 метраў ад выбарчага ўчастаку, дзе адбылося парушэнне. Кіраўніца гэтага садка – старшыня выбарчай камісіі Таццяна Мосіна.

Профіль Анастасіі Кулічковай ва «УКантакце». Уладальніца профілю ўжо закрыла яго

«Я прыйшла прагаласаваць датэрмінова. Гэта маё права. І зусім не чакала, што нехта будзе размаўляць са мной такім тонам. У мяне быў у руках утрая складзены бюлетэнь. Гэта не забаронена. І я не павінна нічога тлумачыць. Я да гэтага часу не магу апамятацца. Я сапраўды спалохалася, таму і пайшла. Непрыемна вельмі, што мяне абвінавачваюць у тым, чаго я не рабіла», – пракаментавала здарэнне Кулічкова мясцоваму выданню brestcity.com.

Анастасія Кулічкова

Цяпер у Беларусі праходзіць датэрміновае галасаванне на выбарах у парламент. Асноўны дзень галасавання – 17 лістапада.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў