Штогод перад Калядамі кожная каталіцкая бажніца рыхтуе адмысловую калядную шопку або нерухомую батлейку. Гэта адмысловая інсталяцыя, якая распавядае пра ноч нараджэння Езуса Хрыста. Апошнім часам калядныя шопкі пачалі рабіць вернікі нават удома, сустракаючы такім чынам свята Божага Нараджэння. Аднак гісторыя ўзнікнення каляднай батлейкі сягае далёка ў стагоддзі.
Першыя калядныя батлейкі або шопкі зʼявіліся ў Італіі, ідэя належала братам францішканам, традыцыя ж бярэ пачатак з ХІІІ стагоддзя. У 1223 годзе італьянскі святы Францішак Асізскі, заснавальнік гэтага каталіцкага ордэну, упершыню паспрабаваў апавесці вернікам гісторыю нараджэння Езуса Хрыста праз стварэнне батлейкі. Францішак лічыў, што такім чынам вернікі змогуць зразумець больш глыбока нараджэнне Езуса, бачачы працэс на прыкладзе інсталяцыі. Ён стварыў «жывую інсэнізацыю» нараджэння Сына Божага ў італьянскія горадзе Грэча (Greccio).
Праз пэўны час калядная батлейка стала папулярная далёка за межамі Італіі, яна набыла новыя формы і дызайн. Ад звычайнай інсталяцыі з фігурамі, батлейкі з пэўным сцэнаром, які адпавядае традыцыям таго ці іншага рэгіёну, да сапраўднага тэатралізаванага спектаклю з жывымі людзьмі лы нават жывёлаю.
Хутка мода на шопкі ахапіла эліту таго часу. Еўрапейскія магнаты стараліся ў сваіх палацах, перад Калядамі, ствараць даволі пышныя спектаклі або інсталяцыі нараджэння Сына Божага. Але з цягам часу батлейкі пачынаюць рабіць прадстаўнікі простага люду. Яны імкнуліся паказаць праз свае батлейкі штодзённае цяжкае жыццё, таму ў сцэнках зʼяўляюцца рамеснікі ды земляробы.
На беларускія землі традыцыя каляднай батлейкі прыйшла з суседняй Польшчы, калі тут спачатку шляхта, а потым і сяляне масава прыйшлі да каталіцызму. У беларускай батлейцы зʼяўляецца жывёла, характэрная для нашага рэгіёну. Персанажамі маглі быць шляхціч або селянін ды іхныя семʼі. А сцэнар каляднай батлейкі пачынае нагадваць казку, дзе дабро перамагае зло. Да прыкладу, селянін падманвае чорта, які хацеў сапсаваць святкаванне Божага Нараджэння.
Цяпер пашырылася мода на стварэнне шопкі ў сябе ўдома. Фігуркі для інсталяцыі можна зрабіць самому або набыць у любой краме пры касцёле. Апошнім часам батлейкі пачалі ставіць у сваіх святынях грэка-каталікі. Хоць гэтая не іхная традыцыі, аднак яна падабаецца вернікам і актыўна імі культывуецца. У касцёлах жа каляднаю ноччу ў шопку ўносіцца фігурка немаўляткі Ісуса, што азначае зʼяўленне Сына Божага на гэтым свеце.
АК belsat.eu