Навошта цепласеткі рыхтуюць пераход з прыроднага газу на мазут?

Філіял РУП «Менскэнэрга» – «Менскія цеплавыя сеткі» – праводзіць праверку абсталявання, прызначанага для працяглага спальвання мазуту і навучае персанал пераводзіць катлы з мазуту на газ і наадварот. Пра гэта стала вядома тэлеграм-каналу NEXTA. Belsat.eu запытаў у эксперткі ў нафтагазавай галіне Таццяны Манёнак, з чым можа быць звязанае гэтае рашэнне.

Як вынікае з дакументу, апублікаванага тэлеграм-каналам NEXTA, кіраўніцтва сталічных цепласетак абавязалі навучыць працаўнікоў выкарыстоўваць мазут замест газу, які звычайна ў Беларусі прымяняюць на ТЭЦ. Адпаведны пратакол РУП «Менскэнэрга» прыняў яшчэ 27 снежня, а даручэнне цепласеткам даслалі 3 студзеня. Усе прапісаныя ў дакуменце меры неабходна правесці да 9 студзеня.

Ва ўмовах перабояў з пастаўкамі расейскай нафты на беларускія НПЗ некаторыя ўспрынялі гэты дакумент як падрыхтоўку да «газавай вайны» з Расеяй.

Нагадаем, напярэдадні Новага году Расея і Беларусь дамовіліся пра кошты на прыродны газ (у адрозненне ад коштаў на нафту) і заключылі кантракты на яго пастаўку. Аднак гаворка вядзецца толькі пра пастаўкі цягам двух месяцаў – студзеня і лютага 2020 году. На гэты перыяд кошт газу для Беларусі захаваецца на ўзроўні 2019 года – $ 127 за тысячу кубаметраў. Перамовы пра пастаўкі газу пасля лютага 2020 года працягваюцца. Нагадаем, Менск цягам апошняга году настойваў на зніжэнні цаны да ўзроўню Смаленскай вобласці, а Масква, як заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвю «Эхо Москвы», хоча павысіць кошт газу для Беларусі да $ 152.

Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі

Экспертка ў нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак лічыць, што справа не ў тым, што дзяржава нібыта рыхтуюцца да «газавай вайны» з Расеяй – проста экспартаваць мазут стала нявыгадна і беларускі ўрад вырашыў выкарыстоўваць яго ва ўнутранай гаспадарцы.

«Уся справа ў мытах. Сёння, калі мыта на мазут і мыта на нафту аднолькавыя, экспартаваць мазут нявыгадна. Сітуацыя гэта пачала складвацца яшчэ некалькі гадоў таму, быў нават загад віцэ-прэм’ера Сямашкі пераходзіць на выкарыстанне мазуту [на прадпрыемствах Міністэрства энергетыкі. – Belsat.eu). Да таго ж з 1 студзеня 2020 года больш жорсткімі сталі стандарты на карабельнае паліва (а гэта прадукт перапрацоўкі таго ж мазуту) на сусветных рынках, таму кошт на мазут яшчэ больш панізіўся. Цяпер спецыялісты палічылі, што больш рацыянальна выкарыстоўваць яго як паліва на ўнутраным рынку, у невялікіх абʼёмах натуральна», – адзначыла экспертка ў інтэрвʼю belsat.eu.

Таццяна Манёнак кажа, што мазут заўсёды быў альтэрнатыўным газу палівам і выкарыстоўваўся як запасны варыянт. Пры гэтым беларускія НПЗ паступова адмаўляюцца ад выпуску мазуту менавіта праз тое, што яго нявыгадна экспартаваць.

«Беларускія НПЗ праводзяць мадэрнізацыю і стратэгічнай мэтай было зменшыць пераапрацоўку мазуту, а вырабляць больш светлых нафтапрадуктаў, якія маюць больш высокія кошты на вонкавых рынках», – кажа яна.

ІІ, КА belsat.eu

Hавiны