Навошта беларусам Cаветы дэпутатаў? 10 пытанняў і адказаў пра мясцовыя выбары


Праз чатыры тыдні, 18 лютага, у Беларусі адбудуцца выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Паводле назіральнікаў, выбары-2018 праходзяць млява як з боку выбарнікаў, так і з боку ўдзельнікаў палітычнай кампаніі. Між тым, фармальна мясцовыя саветы здольныя істотна ўплываць на паўсядзённае жыццё беларусаў. Хто такія дэпутаты мясцовых Саветаў, чаму часцей за ўсё іх праца не заўважна і ў чым асаблівасць гэтай палітычнай кампаніі тлумачыць belsat.eu.

Колькі мясцовых саветаў і колькі дэпутатаў прадугледжвае заканадаўства Беларусі?

У Беларусі існуюць мясцовыя Саветы 3-х узроўняў:

– Саветы дэпутатаў 6 абласцей і гораду Менску;

– Саветы базавага ўзроўню: 118 райсаветаў і 10 гарсаветаў (гарады абласнога падпарадкавання;

– Саветы першаснага ўзроўню: 14 гарсаветаў (гарады раённага падпарадкавання), 1152 сельскіх і 8 пасялковых.

Такім чынам, агулам у Беларусі – 1309 мясцовых Саветаў.

Вялікая колькасць мясцовых саветаў прадугледжвае і вялікую колькасць удзельнікаў выбарчай кампаніі. На выбарах-2018 кандыдатамі ў дэпутаты было вылучана 22.713 чалавек.

Выбарнікі 18 лютага будуць адначасова абіраць дэпутатаў на некалькіх узроўнях. Напрыклад, калі вы пражываеце ў вёсцы, то атрымаеце адразу 3 бюлетэня: па выбарах у аблсавет, райсавет і сельсавет.

Па выніках галасавання 18 лютага ў Беларусі мусіць быць абрана 18.111 дэпутатаў.

Хто звычайна ідзе працаваць у мясцовыя Саветы?

Большасць дэпутатаў мясцовых саветаў – бюджэтнікі, якія працуюць у сферы адукацыі, культуры, аховы здароўя і навукі. Напрыклад, сярод прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат на выбарах-2018 гэтая катэгорыя заняла 30,54% ад агульнай колькасці. Значнае прадстаўніцтва таксама маюць работнікі сельскай гаспадаркі, што цалкам лагічна, улічваючы колькасць сельсаветаў у краіне. У 2018 годзе 10,99% вылучэнцаў былі чыноўнікамі, а 3,16 % – сілавікі. І толькі 4% – вылучэнцы ад розных палітычных партыяў.

Таксама цікава, што 45% прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат – гэта дзейныя дэпутаты мясцовых Саветаў.

Колькі зарабляе мясцовы дэпутат і які мае прывілеі?

Дэпутат мясцовых саветаў ніякіх заробкаў ад дзяржавы не атрымлівае, дэпутацкая дзейнасць праходзіць на грамадскіх пачатках. Дэпутат захоўвае сваё звычайнае месца працы – то бок ён можа працягваць працаваць у міліцыі ці шпіталі, займацца бізнесам або быць студэнтам, але пры гэтым выконваць функцыі дэпутата мясцовага савету. Праўда, на час падрыхтоўкі і правядзення сесіяў Савета i пасяджэнняў ягоных органаў працадаўца абавязаны вызваліць дэпутата ад працы з захаваннем сярэдняга заробку.

Дзейнічае і своеасаблівая «дэпутацкая недатыкальнасць»: дэпутата мясцовага савету нельга звольніць з асноўнай працы і (калі ён студэнт) нельга адлічыць з навучальнай установы. Звальненне і адлічэнне можа адбыцца толькі з згоду самога савету дэпутатаў.

Пікет у падтрымку Алеся Лагвінца. Раніца 8 студзеня 2018, Менск

Якія функцыі ў мясцовых Саветаў?

Згодна з Канстытуцыяй, да выключнай кампетэнцыі мясцовых Саветаў належыць:

– зацвярджэнне праграм эканамічнага і сацыяльнага развіцця, бюджэту гораду і справаздач аб іх выкананні;

– усталяванне мясцовых падаткаў і збораў;

– вызначэнне парадку кіравання і распараджэння камунальнай уласнасцю;

– прызначэнне мясцовых рэферэндумаў.

Усяго ж да кампетэнцыі Саветаў належыць 30 пытанняў – у тым ліку пытанні жыллёвага будаўніцтва і добраўпарадкавання тэрыторыі, распараджэнне прыроднымі рэсурсамі (у асобных выпадках) і інш.

На першы погляд, мясцовыя Саветы валодаюць досыць сур’ёзнымі паўнамоцтвамі. Аднак паколькі Саветы не маюць ні ўласных выканаўчых органаў, ні рэальнага ўплыву на «вертыкаль» (пра гэта – ніжэй), то ў значнай ступені гэтыя паўнамоцтвы застаюцца на паперы.

Напрыклад, Саветы маюць права прызначаць мясцовыя рэферэндумы. Аднак нават калі дэпутаты будуць згодныя яго прызначыць, то спачатку спатрэбіцца станоўчае заключэнне органаў юстыцыі і рэгістрацыя ініцыятыўнай групы грамадзянаў выканаўчымі органамі. То бок гэта ўсё роўна залежыць ад «вертыкалі ўлады», якія непадкантрольныя Саветам. Не дзіўна, што на практыцы ніводнага мясцовага рэферэндуму ў Беларусі не праводзілася.

Якія абавязкі ў мясцовага дэпутата?

Дэпутат нясе адказнасць перад выбарнікамі і абавязаны не менш двух разоў на год на адмысловым сходзе даваць справаздачу грамадзянам аб сваёй дзейнасці і ў тым ліку выкананні перадвыбарчай праграмы. Як мінімум раз на месяц дэпутат абавязаны праводзіць асабісты прыём грамадзянаў, ладзіць сустрэчы з выбарнікамі, калі з’явілася такая ініцыятыва, а таксама рэгулярна разглядаць іх звароты.

Ці могуць саветы дэпутатаў паўплываць на «вертыкаль улады»?

Фактычна дэпутат можа толькі пераканаць чыноўнікаў прыняць тое ці іншае рашэнне, але не можа іх прымусіць або нешта вырашыць самастойна. У гэтым сэнсе паўнамоцтва дэпутата больш падобныя на паўнамоцтва «упаўнаважанага грамадскасці»: то бок ён можа выслухаць вас, параіць да каго звярнуцца або сам можа звярнуцца ў той ці іншы дзяржаўны орган з дэпутацкім запытам. А калі паводле вашага звароту чыноўнік прыме нейкае рашэнне, то дэпутат мае права даведацца пра тое, як яно выконваецца.

Безумоўна, дэпутат мае больш шанцаў прабіцца да таго ці іншага чыноўніка з вашай праблемаю, бо службовыя асобы ў выканкамах ды іншых органах абавязаны прымаць дэпутатаў у першую чаргу. Але гэта не значыць, што чыноўнік праз хадатайніцтва дэпутата абавязкова пагадзіцца вырашыць вашу праблему.

Калі адбудзецца прамы канфлікт паміж саветам і выканаўчай уладай – хто з іх пераможа?

Вядома, выканаўчая. Выканкамы не падсправаздачныя мясцовым саветам і мясцовыя саветы нават тэарэтычна не могуць абвесціць старшыне выканкаму імпічмент.

Праўда, паводле заканадаўства, кандыдатура новага старшыні абл- або гарвыканкаму (іх прызначае прэзідэнт) мусіць быць зацверджана мясцовым Саветам дэпутатаў. Калі ўявіць сябе, што дэпутаты, напрыклад Менгарсавету, выступяць супраць прэзідэнцкага стаўленіка, то Аляксандр Лукашенка павінен унесці новую кандыдатуру на пасаду кіраўніка Менгарвыканкаму. Але апошняя слова ўсё роўна застанецца за Лукашэнкай: калі Менгарсавет зноў адхіліць кандыдатуру новага «мэра», то, паводле заканадаўства, кіраўнік дзяржавы прыме рашэнне без уліку меркавання дэпутатаў. То бок фактычна мясцовы савет дэпутатаў можа толькі замарудзіць рэалізацыю рашэнняў выканаўчай улады.

Распусціць мясцовыя Саветы можа Савет Рэспублікі і прэзідэнт – у выпадку парушэння заканадаўства або зменаў у тэрытарыальна-адміністратыўнай сістэме.

Аляксандр Лукашэнка. Фота – president.gov.by

Ці магчыма адклікаць свайго дэпутата, калі ён нічога не робіць?

Тэарэтычна – так. Паводле арт. 129 Выбарчага заканадаўства, дэпутат мясцовых Саветаў можа быць адкліканы, калі ён не апраўдаў давер выбарнікаў (не выконвае свае абавязкі, парушае Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, заўважаны ў дзеяннях, якія яго дыскрэдытуюць).

Але на практыцы адклікаць дэпутата дастаткова складана.

Група ад 15 да 50 чалавек (у залежнасці ад узроўню савету) мусіць звярнуцца да старшыні мясцовага савету з просьбай дазволіць сход выбарнікаў па гэтым пытанні. Калі старшыня савету гэта дазволіць, то на сходзе мусіць быць сфармавана ініцыятыўная група, якая мусіць прайсці рэгістрацыю ў тэрытарыяльнай выбарчай камісіі. Калі камісіі ініцыятыўную групу зарэгіструе, то ў вас будзе 45 содняў для таго, каб сабраць подпісы не менш за 20% выбарнікаў вашай акругі (прычым усе выдаткі на збор подпісаў вы аплочваеце самі). Калі ў выбаркаму не ўзнікне пытанняў да вашых подпісаў, то камісія мусіць прызначыць галасавання па пытанню адклікання дэпутата.

Эксперты адзначаюць, што, улічваючы строгія тэрміны і ўмовы гэтай працэдуры, адклікаць дэпутата без выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу або проста станоўчага стаўлення да ініцыятывы ўладаў немагчыма. І сапраўды на практыцы гэта норма ў Беларусі застаецца выключна тэарэтычнай. Напрыклад, у 2007 годзе ў Беларусі было зафіксавана каля 30 спробаў адклікаць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, аднак актывісты нават дазволу правесці сход выбарнікаў ніводнага разу не атрымалі.

Ці існуе канкурэнцыя на мясцовых выбарах?

Па-рознаму. Звычайна колькасць прэтэндэнтаў на месца залежыць ад узроўню Савета: найбольшы конкурс на выбарах у аблсаветы і Менгарсавет, найменшы (а часцей за ўсё яны проста безальтэрнатыўныя) – у сельсаветы. У 2018 годзе, як і заўсёды, больш за ўсё жадаючых стаць дэпутатамі Менгарсавету: зарэгістравана было 250 кандыдатаў, якія прэтэндуюць на 56 дэпутацкіх мандатаў. То бок конкурс – 4,4 чалавекі на месца.

Але ў цэлым безальтэрнатыўная акруга на мясцовых выбарах – гэта вельмі распаўсюджаная справа. Дастаткова сказаць, што яшчэ на этапе вылучэння ў кандыдаты (то бок да рэгістрацыі, дзе адбыўся істотны адсеў) конкурс у мясцовыя саветы агулам на краіне складаў 1,2 чалавека на дэпутацкі мандат. Безальтэрнатыўныя акругі існуюць у 5 з 6 абласных Саветах.

Што будзе, калі ў мясцовыя саветы трапіць апазіцыя?

У адрозненні ад Палаты прадстаўнікоў, дзе прадстаўнікоў апазіцыі з 2004 па 2016 год не было ніводнага, у мясцовыя саветы апазіцыянеры трапляюць рэгулярна. Аднак звычайна іх адзінкі, прычым прапускаюць іх пераважна ў саветы першаснага ўзроўню, таму на агульную карціну яны паўплываць не маюць магчымасці.Напрыклад, у мінулы раз у мясцовыя Саветы трапілі каля 10 прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў і рухаў, але наўрад ці нават палітычныя эксперты цяпер назавуць іх імёны. Што цалкам зразумела – у адрозненні ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў, статус дэпутата якога-небудзь сельсавету не дае магчымасці стаць спікерам на нацыянальным узроўні і знаходзіцца ў цэнтры ўвагі СМІ.

Каб апазіцыя хаця б на нешта магла ўплываць у мясцовых саветах, яна мусіць мець там большасць, што ў сённяшніх умовах выглядае нерэалістычна. А пра магчымасць таго, што апазіцыя возьме пад кантроль мясцовыя Саветы па ўсёй краіне нельга разважаць нават тэарэтычна. Супольна апазіцыйныя партыі і грамадскія арганізацыі сёлета вылучылі каля 400 прэтэндэнтаў у кандыдаты – і гэта, нагадаем, на 18.111 дэпутацкіх мандатаў.

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў