Палітыкі прыходзяць і сыходзяць, а «Народны альбом» застаецца. На стары Новы год тэлеканал «Белсат» прапануе яшчэ раз спець і патанчыць пад песні «ненаўмыснага шэдэвру».
У выпадку Беларусі палітыкі нікуды не збіраюцца сыходзіць, і менавіта таму замест віншавання кіраўніка краіны ў нашым навагоднім эфіры – дакументальны фільм, а таксама канцэрт, прысвечаныя 20-годдзю легендарнага дыску.
«Народны альбом. Ненаўмысны шэдэўр»
Мы вяртаемся ў той час, калі задумваўся праект, і праходзім з удзельнікамі 20-гадовы шлях ажно да рыхтавання рымейку на сцэне Падляскай оперы ў верасні 2016-га. Усе, хто меў дачыненне да «Народнага альбому», пасталелі. Лёс раскідаў іх па розных тусоўках і нават краінах. Сяброўскія стасункі не захаваліся. Ці змогуць удзельнікі сабрацца разам? А калі змогуць, ці здолее новая інсцэнізацыя паўтарыць поспех папярэдняй?