Нацбанк папярэджвае пра ваганні курсаў беларускага рубля


Нацыянальны банк Беларусі прагназуе ўзмацненне ваганняў курсу беларускага рубля. Прычынай, паводле Нацбанку, з’яўляецца рост вонкавапалітычнай няпэўнасці. У прыватнасці ва ўмовах павышанага інфляцыйнага фону ў гандлёвых партнёраў рэалізацыя вонкавых рызыкаў можа аказаць негатыўны ўплыў на забеспячэнне стабільнасці коштаў у нашай краіне.

«Высокая ступень нявызначанасці адносна будучага развіцця сітуацыі на вонкавых рынках, у тым ліку асцярогі адносна перспектываў росту сусветнай эканомікі і краін – асноўных гандлёвых партнёраў, фармуе рызыкі павышэння інфляцыйных чаканняў і ўзмацнення ваганняў курсу беларускага рубля», – сказана ў каментары праўлення НББ па выніках пасяджэння па грашова-крэдытнай палітыцы.

Між тым, у бягучым прагнозе Нацбанк не чакае істотных вонкавых рызыкаў. У сувязі са стабілізацыяй курсу расейскага рубля «знізілася верагоднасць рэзкага пагаршэння вонкавых умоваў у кароткатэрміновым перыядзе», сказана ў каментары.

Галоўны банк краіны дапускае, што ў пачатку наступнага году магчыма паскарэнне інфляцыі, у тым ліку ў сувязі з узмацненнем інфляцыйнага ціску з боку Расеі і ростам інфляцыйных чаканняў з боку насельніцтва. Аднак «па меры вычарпання гэтых эфектаў прагназуецца паступовае запаволенне тэмпаў росту спажывецкіх коштаў», прагназуюць у Нацбанку, адзначаючы часовы характар ​​інфляцыйных фактараў.

Таксама Нацбанк чакае, што не будзе мець працяглага інфляцыйнага эфекту і праз павелічэнне заработнай платы ў кастрычніку сёлета. У далейшым рост заробкаў чакаецца на ўзроўні, адпаведным павышэнню прадукцыйнасці працы.

Паводле адзнакі рэгулятара, «спажывецкі попыт усё яшчэ застаецца высокім, але яго рост паступова запавольваецца». Таксама ў банку адзначаюць запаволенне тэмпаў росту спажывецкага крэдытавання і падтрыманне ўзроўню спажывання хатнімі гаспадаркамі за кошт бягучых прыбыткаў.

«У сярэднетэрміновай перспектыве чакаецца нейтральны ўплыў на дынаміку інфляцыйных працэсаў з боку эканамічнай актыўнасці», – сказана ў паведамленні.

Аб’ектыў
Нацбанк узмацняе рубель
2018.12.14 21:25

СК, belsat.eu

Стужка навінаў