Наталля Кісель: Спарынг-партнёр Аляксандра Рыгоравіча? Гэта высокая ацэнка!


Прадпрымальніца Наталля Кісель ніколі не займалася палітычнай дзейнасцю, але цяпер яна адна з 14 патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты. На гэтым тыдні кіраўнік яе каманды Сяргей Штода заявіў, што менш чым за тыдзень вылучэння Наталлі было сабрана 37 тысяч подпісаў, пры тым, што ініцыятыўная група прадпрымальніцы складаецца толькі са 147 чалавек. Belsat.eu пацікавіўся ў Наталлі Кісель, у чым сакрэт такіх фенаменальных вынікаў, навошта яна ідзе на выбары і як ставіцца да Аляксандра Лукашэнкі.

Наталля Кісель. Фота прадстаўлена Наталляй

– У інтэрв’ю TUT.by вы казалі, што ініцыятыва ўдзелу ў выбарах належыць не вам, а сябрам Асацыяцыі грузаперавознікаў. Прычым акрамя вас было яшчэ некалькі кандыдатаў. А чаму ўвогуле ў Асацыяцыі ўзнікла ідэя вылучыць свайго прадстаўніка на выбарах?

– Калі вы чытаеце TUT.by і іншыя СМІ, вы, напэўна, сутыкаліся з тым, як праходзіла праца грузаперавознікаў па дазволам [гаворка ідзе пра размеркаванне дазволаў на праезд па тэрыторыі замежнай дзяржавы. – Belsat.eu], па цэнаўтварэнні. Што датычыць ўзаемадзеяння з міністэрствамі і ведамствамі, то ў нас да гэтага часу застаюцца пытанні, дзе нас не чуюць. Таму выбары 2020 года аказаліся выдатнай законнай магчымасцю выказаць сваю пазіцыю і працягнуць працу далей. На сённяшні момант мы бачым, што зацікаўленасць ёсць, людзі адгукаюцца. Бо насамрэч пытанні, з якімі сутыкаюцца грузаперавознікі, не моцна адрозніваюцца ад пытанняў іншага малога прадпрымальніцтва.

– Дык вы сапраўды хочаце стаць празідэнткай або проста прасоўваеце інтарэсы Асацыяцыі?

– У мяне сустрэчнае пытанне: вы самі лічыце, што я магу перамагчы кандыдатуру №1?

– Але пытанне было да вас.

– Я слаба ўяўляю, што мая кандыдатура можа перамагчы кандыдатуру №1. Наша мэта – заявіць пра сябе і атрымаць водгук у сэрцах малых прадпрымальнікаў ды іншых жыхароў нашай краіны.

– А чаго канкрэтна хоча дамагчыся Асацыяцыя грузаперавознікаў? Прыняцця нейкіх законаў ці наадварот скасавання чагосьці?

– Паводле заканадаўства і рэкамендацыяў ЦВК, на гэтым этапе мы не можам агучваць ні сваю праграму, ні тэзісы праграмы. Таму на сённяшні дзень я б не хацела закранаць гэтае пытанне, бо гэта ўжо будзе падобна на тэзісы праграмы. Вы мусіце мяне зразумець.

Наталля Кісель. Фота прадстаўлена Наталляй

– Ці верыце вы, што ў вас атрымаецца сабраць 100 тысяч подпісаў і стаць кандыдаткай у прэзідэнты?

– А чаму не? Гэта не немагчыма.

– На гэтым тыдні кіраўнік вашай ініцыятыўнай групы Сяргей Штода заявіў, што ў вашу падтрымку ўжо сабрана больш за 37 тысяч подпісаў. Пры гэтым у вашай ініцыятыўнай групе ўсяго 147 чалавек. Атрымліваецца, што ў сярэднім кожны сябра ініцыятыўнай групы менш чым за тыдзень сабраў каля 250 подпісаў. Як вам удалося дасягнуць такіх фенаменальных вынікаў?

– У нас існуе пэўны падзел. Што датычыць арганізацыйных момантаў – у тым ліку збор подпісаў, праца з ініцыятыўнай групай і г.д. – гэта ўсё адказнасць Сяргея Штоды. Я павінна давяраць людзям, якія мяне падтрымалі, якія выконваюць велізарную працу. Калі кіраўнік штаба кажа, што 37 тысяч подпісаў сабрана – значыць так яно і ёсць.

– А вы асабіста ўдзельнічаеце ў пікетах па збору подпісаў?

– Мая асабістая пазіцыя – я не маю права цяпер удзельнічаць у пікетах у сувязі з эпідэміялагічнай абстаноўкай у краіне. Я адразу сказала, што я не хачу. Але мае паплечнікі задумваюцца над тым, каб праводзіць пікеты ў больш шматлюдных месцах. Пакуль пікеты арганізаваныя на трасах, на мяжы – асноўны збор подпісаў адбываецца ў той галіне, сярод таго малога бізнесу, які мяне ведае.

Наталля Кісель. Фота прадстаўлена Наталляй

– Шмат хто з прэтэндэнтаў у кандыдаты актыўна выкарыстоўвае сацсеткі – робяць стрымы, пішуць шматлікія пасты. Але ў вас на старонцы я не пабачыў ніводнага допісу ад самага пачатку выбарчай кампаніі. Чаму?

– Па-першае, пасты былі і ёсць, але яны асабістыя і толькі для сяброў. Па-другое, гэта вельмі асабістая старонка. Варта вярнуцца да таго, з чаго мы пачалі. Былі і іншыя прэтэндэнты ад нашай асацыяцыі. Гэта не наўпроставае маё волевыяўленне. Адбылося галасаванне і большасць абрала маю кандыдатуру. Я падумала і пагадзілася. Але я не рыхтавалася да палітыкі, я не стварала гэтую старонку, як старонку палітычнага дзеяча. Яна дагэтуль засталася вельмі вузкай асабістай старонкай. Палітыкі там няма і не будзе.

– У інтэрв’ю TUT.by вы казалі: «сёння ў нашай краіне абраны правільны эканамічны курс». Калі вы згодныя з курсам дзейнай улады, то чаму проста не далучыліся да ініцыятыўнай групы Аляксандра Лукашэнкі?

– А чаму мы мусім далучацца да гэтай групы?

– Калі згодныя з курсам дзейнай улады, то навошта вам на выбарах апаніраваць ёй?

– А хто сказаў, што прама апаніруем?

– Ну, калі вы вылучаеце сваю кандыдатуры на выбарах, значыць вы прапануеце тую ці іншую альтэрнатыву дзейнаму курсу…

– Трэба вяртацца да пачатку размовы. Нашая мэта – законная магчымасць заявіць пра сваю пазіцыю. У Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі будзе свая праграма, як і ў іншых кандыдатаў. Ёсць некаторыя моманты з якімі мы абсалютна згодныя, а па некаторым момантам ёсць пытанні. Навошта нам далучацца? У нас ёсць свая пазіцыя.

– Дык а з чым вы ў палітыцы ўладаў не згодныя?

– Гэта будзе зноў спасылка на нашу праграму. У нас ёсць пытанні наконт стаўлення да малога прадпрымальніцтва. Нам ёсць, што сказаць уладам, ёсць напрацоўкі і досвед…

Наталля Кісель. Фота прадстаўлена Наталляй

– Сфармулюю інакш: вы падтрымліваеце дзейнага кіраўніка дзяржавы і ягоную палітыку?

– Я на сённяшні дзень не бачу ніводнай праграмы, якая б прапанавала нешта лепшае. Не бачу. Па-другое, ці лічыце вы, што наш народ за гэтыя гады пабудаваў дастаткова шмат добрых і правільных рэчаў, якія варта захаваць? Або трэба ўсё разбурыць і пачынаць нанова? Ёсць шмат чаго і ў сферы аховы здароўя, і ў адукацыі, і ў эканоміцы, што пабудавана правільна. Не будзем высвятляць цяпер насуперак або дзякуючы. Гэта зроблена і гэта працуе. Вядома, нешта можна змяніць або аптымізаваць (свет жа змяняецца). Але варта захаваць, што ўжо працуе…

– За каго вы галасавалі на мінулых выбарах?

– Я не галасавала, у мяне такі быў перыяд у жыцці…

– А ў 2010 годзе?

– Я ўжо не помню. Але за Аляксандра Рыгоравіча я галасавала на першых выбарах і, імаверна, на другіх. Я вам больш скажу. Калі мая маці даведалася, што я вылучаюся кандыдатам у прэзідэнты, яна палічыла гэта гонарам. Але яна мне сказала: Наташа, я вельмі хачу, каб перамог Аляксандр Рыгоравіч. Гэта пазіцыя маці. Яна любіць дзейнага прэзідэнта, яна паважае яго і лічыць, што ўсё мусіць заставацца так як ёсць.

– Скажыце, вы верыце, што ў Беларусі сумленна лічаць галасы на выбарах?

– У мяне няма фактаў, якія б гэта пацвярджалі ці зняпраўджвалі. Сяргей Штода ў свой час удзельнічаў у назіранні за выбарамі. І вось ён кажа, што на ягоных выбарчых участках ён ніводнага разу не бачыў, каб падмянялі ўрны, напрыклад. Сама я ніколі не была назіральніцай. Фотаздымкі ў СМІ ты бачыш [маюцца на ўвазе фатаздымкі, якія сведчаць пра парушэнні. – Belsat.eu], але таксама ставіш пад сумнеў – а можа гэта чыясьці гульня, можа гэта наўмысна? Таму фактаў у мяне няма.

– Што бы вы сказалі людзям, якія лічаць вас спарынг-партнёрам Аляксандра Лукашэнкі?

– Мы з вамі мусім пагадзіцца: як бы мы не ставіліся да Аляксандра Рыгоравіча, сумнявацца ў тым, што ён разумнейшы чалавек, немагчыма. Калі мой узровень будзе роўным узроўню Аляксандра Рыгоравіча – я стаўлюся да гэтага станоўчы. Мне прыемна, што людзі ацэньваюць мяне дастаткова высока.

– То бок для вас гэта станоўчая ацэнка?

– Гэта высокая ацэнка!

Hавiны
Поспехі і паразы навічкоў: як прыходзілі ў палітыку бізнесоўцы, акторы і футбалісты
2020.05.29 09:59

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў