36 чалавек выйшлі да будынку КДБ, каб ушанаваць памяць ахвяраў сталінізму

Удзельнікі Ланцугу памяці ахвяраў сталінізму пад сценамі КДБ у Менску. 29 кастрычніка 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Акцыю «Ланцуг памяці» ладзіць каманда Міколы Статкевіча.

19:04 Ужо за 15 хвілінаў да пачатку акцыі каля помніку Дзяржынскаму, праз дарогу ад КДБ, сабраліся каля 20 удзельнікаў. Яны прынеслі з сабой некалькі вялікіх бел-чырвона-белых сцягоў. Каля актывістаў дзяжурылі сілавікі ў цывільным, ведучы аператыўную здымку.

Удзельнік Ланцуга памяці ахвяраў сталінізму пад сценамі КДБ у Менску. 29 кастрычніка 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

19:20 Актывіст Мікалай Салянік прыйшоў у турэмнай робе з самаробнымі кайданамі. Мікалай Статкевіч раздаў знічы. «Не хвалюйцеся, нас добра ахоўваюць», – сказаў Статкевіч, ківаючы на шматлікіх людзей у цывільным.

«Я разумею, што сюды прыходзіць страшней, чымся ў Курапаты, але гэта рабіць неабходна, каб нашчадкі катаў пакаяліся», – сказаў ён.

Удзельнікі Ланцугу памяці. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Тым часам Салянік пакінуў драўляную калодку і робу на ганку КДБ.

«Гэта на памяць вам! Каб больш ніколі людзей не расстрэльвалі без суду і следства, – сказаў актывіст. – Гэтыя органы будуць паступаць гэтак, пакуль не прымуць закон аб люстрацыі. За злачынствы павінныя адказваць вы, вашыя дзеці і ўнукі, – дадаў Салянік.

Статкевіч заклікаў прысутнага святара аўтакефальнай цэрквы акрапіць святой вадой будынак КДБ, «каб выгнаць нячысты дух».

Святар спрабуе акрапіць будынак КДБ святою вадою падчас акцыі памяці каля будынку КДБ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Калі святар зайшоў за калону будынку, яго паспрабаваў штурхнуць сілавік у цывільным.

Падчас Ланцугу памяці ахвяраў сталінізму пад сценамі КДБ у Менску. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Актывіст Сяргей Мацкойць, які прынёс на акцыю стэнд з партрэтамі зніклых палітыкаў, кажа: «Я зрабіў гэта, бо мы павінныя нагадаць грамадству, што крэсла прэзідэнта займае злачынца».

19:40 Калі ўдзельнікі акцыі паспрабавалі паставіць іх на прыступкі, міліцыянты пачалі скідваць знічы нагамі.

Гэты чалавек скідваў знічы з прыступак падчас Ланцугу памяці ахвяраў сталінізму. 29 кастрычніка 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

19:45 Людзi пачынаюць паступова разыходзiцца. Мікалай Статкевiч пайшоу ставiць знiчы да сядзібы Міністэрства ўнутраных справаў. Святар, айцец Вiкенцiй, прачытаў малітву па закатаваных у савецкія часы ў падвале будынку МУС.

Вячаслаў Сіўчык і Мікалай Статкевіч падчас Ланцугу памяці ахвяраў сталінізму пад сценамі КДБ у Менску. 29 кастрычніка 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Ланцуг памяці ладзіцца пад сценамі КДБ ужо пяты год запар – і гэта толькі адна з акцыяў на гэтым тыдні, якія ладзяцца з нагоды Дня памяці палітычных рэпрэсіяў.

Менавіта ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года ўва ўнутранай турме НКВД у Менску расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі, у тым ліку 22 літаратараў.

«У падвалах пад гэтым будынкам і ў турме за ім катавалі і забілі тысячы невінаватых людзей», – запрашаў на сёлетнюю акцыю Статкевіч.

Робы на сходах будынку КДБ падчас Ланцугу памяці ахвяраў сталінізму пад сценамі КДБ у Менску. 29 кастрычніка 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

За гадзіну да пачатку Ланцуга кандыдатка ў дэпутаты, сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая зладзіла каля скверу Дзяржынскага – насупраць будынку КДБ – агітацыйны пікет, прасвечаны ахвярам НКВД.

Дворнікі прыбіраюць знічы пасля акцыі «Ланцуг памяці». 29 кастрычніка 2019 года. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Сёння а 20:00 у мемарыяле Курапаты пройдзе акцыя памяці беларускіх дзеячаў, якія сталіся ахвярамі сталінскіх рэпрэсіяў – «Ноч расстраляных паэтаў». «Белсат» вядзе наўпроставую трансляцыю.

ДД/КА belsat.eu

Hавiны