Настаўніц Вольгу Завадскую і Ірыну Апанасевіч, абвінавачаных у неналежным выкананні абавязкаў, што пацягнула па неасцярожнасці смерць васьмікласніцы Вікторыі Папчэні, суд Маладзечанскага раёну прыгаварыў да 2 гадоў абмежавання волі без накіравання ў месцы зняволення і да штрафаў у памеры 100 базавых велічынь.
Пра гэта паведамляе радыё «Свабода».
Падчас суду настаўніца французскай мовы Вольга Завадская і настаўніца фізікі Ірына Апанасевіч прызналі віну.
Нагадаем, летась кіраўніцтва маладзечанскай школы № 11 выправіла вучняў 8-га класу збіраць ураджай для сельскагаспадарчага прадпрыемства «Усход-Агра». Выезд на бульбу скончыўся трагедыяй – пад коламі самазвала загінула 13-гадовая Вікторыя Папчэня. Кіроўцу асудзілі на 3 гады «хіміі».
8 ліпеня бацькі Вікторыі Папчэні напісалі заяву з хадатайніцтвам скончыць судовы працэс без іхнага ўдзелу.
ІІ, belsat.eu