Настаўнікаў у Нясвіжы адпраўляюць на суботнік падчас эпідэміі

Фота з тэлеграм-каналу «Баста!»

Настаўнікі сярэдняй школы №3 Нясвіжа скардзяцца тэлеграм-каналу «Баста», што іх адпраўляюць на калектыўную прыборку школьнай тэрыторыі – калі ў краіне эпідэмія каронавіруса, а ў школах – канікулы.

«Суботнік» мае прайсці ў аўторак, 7 красавіка, у межах месячніка па добраўпарадкаванні, абвешчанага старшынём Нясвіжскага райвыканкаму Аляксандрам Ломскім на мінулым тыдні.

«Вельмі хочацца папрасіць дапамогі. У краіне эпідэмія каронавіруса, а настаўнікаў са школаў падчас вакацыяў гоняць на азеляненне лесу або добраўпарадкаванне школьных тэрыторыяў. Выбачайце, мы не думаем што, калі ў нас ёсць дыплом настаўніка, то мы несмяротныя. Вясковыя школы адправілі на аддаленую працу. Чаму гарадскія павінныя займацца такім маразмам?! Які лес?! Якое добраўпарадкаванне?!» – цытуе настаўнікаў тэлеграм-канал.

4 красавіка ў суботніку па азеляненні гарадской тэрыторыі ўзялі ўдзел чальцы Нясвіжскага раённага Савету дэпутатаў. Як падаюць «Нясвіжскія навіны» яны «дружна і арганізавана» высадзілі 130 саджанцаў вярбы на вуліцы Карчміта.

Чальцы Нясвіжскага раённага Савету дэпутатаў саджаюць дрэвы падчас суботніку 4 красавіка. Фота: «Нясвіжскія навіны»

Паводле афіцыйных звестак, перад выходнымі Меншчына была на трэцім месцы па колькасці інфікаваных каронавірусам сярод усіх вобласцяў. 3-га красавіка Мінздароўя зарэгістраваў тут 50 выпадкаў заражэння, падаваў «Tut.by».

ДД belsat.eu

Hавiны