Нашыя «Вясковыя мары»: творчасць для ўсіх


Арт–пікнік «Вясковыя мары» адбыўся на выходных на Гомельшчыне ў вёсцы Чырвоны Кастрычнік. Сёння гэтая імпрэза сталася фактычна фестывалем на адкрытым паветры, які аб’ядноўвае творчых людзей.

Дарослыя і дзеці, з вялікім імпэтам засвойвалі асновы ганчарства і кавальства, малявалі, слухалі лекцыі па анімацыі і трэвэл-фатаграфіі ад вядомага фатографа Юрыя Бірукова, малявалі на цішотках.

Вялікая каманда творчых людзей з арт–студыі «Хвоя», арт–прастораў «Каўчэг» ды «Паветра», рамеснікі і майстры ахвотна дзяліліся з прысутнымі сваймі ўменнямі.

Уначы гурты «БанЖвірба», «Five up», «Jinger pie» і «Горшы сябар» запальвалі прысутных сваёй яскравай ды таленавітай музыкай ад блюзу да фольк-мадэрну.

Адметна, што вёска Чырвоны Кастрычнік, дзе адбываўся фэст, напрыканцы мінулага стагоддзя абязлюдзела, але была адроджаная дзякуючы некалькім маладзёнам-энтузіястам з Гомля, што выкупілі там пяць хат і стала там жывуць. Фэст адбываецца ў вёсцы ўжо ў трэці раз.

Ларыса Шчыракова, belsat.eu

Стужка навінаў