Нашчадкі палякаў паміраюць за Украіну: Іван Ісык – катаванні і смерць у палоне


Увага! Матэрыял змяшчае сцэны гвалту.

https://www.facebook.com/belsat.ru/videos/2286837391641398/?v=2286837391641398

Іван пайшоў на вайну добраахвотнікам, яго ўзяло ў палон падраздзяленне пад камандаваннем пецярбургскага садыста-неанацыста. Праз месяц бацькам вярнулі знявечанае цела.

Вольга, маці Івана Ісыка, родам з польскай сям’і, частка якой жыве ў польскім Саноку. Яе бабуля перад Другой сусветнай вайной пераехала ў Драгобыч, а пасляваенная змена межаў азначала, што яе дачкі былі прызнаныя савецкімі ўладамі ўкраінкамі. Бабуля памерла ў Казахстане, куды яе саслалі за рэлігійную дзейнасць.

Сын Вольгі і Васіля, 30-гадовы Іван Ісык з Драгобычу быў жаўнерам Узброеных сілаў Украіны. Ён пайшоў на вайну добраахвотнікам. 5 верасня 2014 года яго ўзялі ў палон сепаратысты, калі яго частка патрапіла ў засаду ў раёне вёскі Вясёлая Гара ў Луганскай вобласці. Вядома, што камандзірам падраздзялення, які ўзяў у палон Івана, быў неанацыст з Санкт-Пецярбургу Аляксей Мільчакоў. Пра расейца вядома, што перад тым, як адправіцца ў Данбас, ён змяшчаў у сетцы здымкі сцэнаў забойства жывёлінаў.

Украінскіх жаўнераў, якія перажылі напад, запісвалі на відэа сепаратысты і прарасейскі брытанскі журналіст Грэм Філіпс. На першых запісах выразна відаць, што Іван, узяты ў палон, мог хадзіць самастойна. Аднак, калі Філіпс праз пяць дзён запісаў з Іванам інтэрв’ю, які знаходзіўся ў Луганскім шпіталі, у мужчыны былі апёкі, якія пакрываюць, паводле ўскрыццю, больш за 70% цела. Праз некалькі дзён пасля інтэрвʼю Ісыка выкралі са шпіталя. Толькі праз месяц бацькі атрымалі растрыбушанае цела.

На думку бацькоў і ўкраінскіх следчых, апёкі атрыманыя ў выніку катаванняў, але згодна з пасведчаннем аб смерці, што выдала так званая ЛНР, мужчына памёр у шпіталі праз язву страўніка. Ускрыццё, праведзенае ўкраінскімі лекарамі, паказала, што яго ўнутраныя органы былі выразаныя, а пазней зашытыя ў ягонае цела. У горле знайшлі кавалак украінскага сцяга, а ў страўніку – фрагменты мозгу.

«Я нават не магу ўявіць, што перажыло маё дзіця перад смерцю. Адзінае, што для мяне важна цяпер, гэта каб вінаватыя былі пакараныя. А ў журналістаў, якія бралі ў яго інтэрвʼю, ведаючы, што ён падвяргаўся катаванням, трэба адабраць журналісцкія пасведчанні. Я веру, што Польшча дапаможа нам апублікаваць гісторыю сына», – сказаў Васіль Ісык падчас сустрэчы ў польскай амбасадзе ў Кіеве ў канцы студзеня сёлета.

Бацькі Івана хочуць, каб справай зацікавіўся Міжнародны крымінальны суд. У смерці сына яны абвінавачваюць расейскую дзяржаву. Яны таксама хочуць пераследу Грэма Філіпса за парушэнне журналісцкай этыкі. Брытанец вядомы тым, што праводзіў агрэсіўныя «інтэрвʼю» з цяжка параненымі і запалоханымі ўкраінскімі жаўнерамі.

«Майго сына катавалі сепаратысты. Яго дакументы былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Магчыма, польскія дэпутаты ў Еўрапарламенце маглі б дапамагчы нам у барацьбе за прызнанне сепаратыстаў ваеннымі злачынцамі?» – пытаўся Васіль Ісык.

Чытайце таксама:

ЯБ/ЛБ/ТП, belsat.eu, PAP

Стужка навінаў