«Наша Ніва» вярнулася на дамен NN.by


Выданне «Наша Ніва» ад раніцы 30 чэрвеня зноў дасяжнае па старым адрасе NN.by. Нагадаем, з 25 чэрвеня «НН» карысталася запасным адрасам.

Пра паспяховае вырашэнне праблемы ў Фэйсбуку абвесціў галоўны рэдактар «НН» Ягор Марціновіч.

Мы вярнуліся на NN.by!

Opublikowany przez Ягор Марціновіч Poniedziałek, 29 czerwca 2020

Нагадаем, у ноч на 25 чэрвеня перастаў адчыняцца сайт газеты nn.by. У рэдакцыі забралі гэты дамен праз тое, што лісты з паведамленнем аб аплаце нейкім чынам трапілі ў спам, хаця раней заўжды прыходзілі. «Гэтае ведамства вызначыла пяць прыватных кампаніяў, якія займаюцца рэгістрацыяй назваў сайтаў (даменаў). Уласнікі сайтаў павінны штогод аплачваць арэнду, цана – каля 25 (дваццаці пяці) рублёў. Наш дамен зарэгістраваны ў кампаніі «Адкрыты кантакт», а хостынг і электронная пошта знаходзіліся на серверах другой, «Надзейныя праграмы». Нейкім загадкавым чынам аказалася, што спам-фільтр адправіў чатыры лісты з нагадваннямі ад «Адкрытага кантакта» у глыбокую сметніцу. Адпаведна, мы не атрымалі рахункаў на аплату 25 (дваццаці пяці) рублёў», – адзначалася ў адмысловай заяве рэдакцыі.

З нагоды інцыдэнту рэдакцыя правяла перамовы з Міністэрствам інфармацыі. Журналісты сцвярджаюць, што іхная сітуацыя абмяркоўвалася сілавікамі. Паколькі да вечара 25 чэрвеня праблема не вырашылася, рэдакцыя запусціла новы сайт па запасным адрасе Nashaniva.by.

З раніцы 30 чэрвеня «Наша Ніва» зноў дасяжная па старым адрасе NN.by.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў