Напярэдадні сустрэчы з Пуціным у справе паставак нафты Лукашэнка зладзіў нараду


Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду ў справе працы паліўна-энергетычнага комплексу краіны, піша БелТА.

«Мы сабраліся для таго, каб абмеркаваць шэраг захадаў у выкананні прагнозных паказнікаў і, няма чаго хаваць, пераадоленні тых негатыўных тэндэнцыяў, якія намеціліся ў нашай эканоміцы ў сувязі з апошнімі падзеямі ў свеце і перш за ўсё ва ўзаемінах з Расеяй. Гэта не толькі вузкія пытанні. Яны ва ўсіх на слыху – кшталту паставак нафты, газу, прадуктовыя вайны, якія, на жаль, сталі звыклымі ў апошні час», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што рознагалоссі ў сферы паставак энерганосьбітаў працягваюцца ўжо 13 гадоў.

«Хоць пры іх падпісанні нам былі дадзеныя цвёрдыя гарантыі. Да прыкладу, у гэтым годзе Расея абавязвалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 мільёнаў тон нафты – па 2 мільёны кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тысячаў – адна чвэрць. Вы мне распавядзіце, што зроблена для таго, каб Расея выконвала абавязкі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Акрамя іншага, кіраўнік краіны запытаў ва ўрадоўцаў пра пошук альтэрнатыўных пастаўнікоў энергарэсурсаў.

«Яшчэ раз, ужо публічна, паўтараю: усе нафтаперапрацоўчыя заводы павінны працаваць. Мы павінны забяспечваць нафтапрадуктамі не толькі ўнутраны рынак, як гэта адбываецца цяпер, але і нашы абавязкі па кантрактах на вонкавых рынках», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Раней Аляксандр Лукашэнка распавёў, што 7 лютага мае намер сустрэцца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, каб абмеркаваць кошты на расейскую энергасыравіну. Пры гэтым кіраўнік краіны адзначыў, што Расея, акрамя сусветных коштаў на нафту, настойвае яшчэ на істотнай прэміі за пастаўкі чорнага золата.

Hавiны
Лукашэнка: Расея патрабуе за нафту не толькі сусветныя кошты, але і прэмію
2020.02.04 13:06

СК belsat.eu

Стужка навінаў