Напярэдадні 9 траўня: беларусы і расейцы маюць розную памяць пра Другую сусветную

Кожны год у траўні прастору былога СССР накрывае асабліва моцная хваля прапагандысцкай кампаніі пра перамогу ў Другой сусветнай вайне. Апошнім часам гэтую хвалю цалкам апанавала Расея, якая хоча навязаць усім краінам рэгіёну сваю версію гісторыі – «фашысты напалі, савецкае войска ўвесь свет уратавала».

Аднак гэтая версія ніяк не адпавядае беларускай народнай памяці пра тыя падзеі. У чым жа адрозненні? Вайна для Беларусі пачалася не ў 1941 годзе.

Беларусь сустрэла Другую сусветную вайну падзеленай на дзве несвабодныя паловы – усходнюю, якая была пад уладаю бальшавікоў, і заходнюю, якая была пад кантролем Польшчы. У выніку для Беларусі першыя варожыя стрэлы прагучалі не 22 чэрвеня 1941 года, а 1 верасня 1939 года, калі дзясяткі тысячаў беларусаў служылі не ў савецкай, а ў польскай арміі.

Савецкая газета 1939-га года пра сяброўства Гітлера і Сталіна. Фота Фота beam_truth.livejournal.com

Прайшло 17 дзён пасля нямецкага на нападу на Польшчу, калі беларусы разам з палякамі мужна змагаліся на фронце супраць таго самага нацызму, пераможцам якога сябе цяпер называе Масква. І тут у спіну польскай арміі ўдарыла армія савецкая. Зусім не для таго, каб «уратаваць Заходнюю Беларусь ад нямецкай акупацыі».

Гітлер і Сталін узгаднілі свае дзеянні яшчэ да пачатку вайны Нямеччыны супраць Польшчы. А пасля таго, як Польшчу разграмілі ды падзялілі, заключылі дамову, якая афіцыйна называлася – Дамова пра сяброўства і мяжу.

Вітальная арка верасня 1939 года ў гонар нямецкага і савецкага войска

Адразу на захопленай бальшавікамі тэрыторыі Заходняй Беларусі пачаўся масавы тэрор. Чым яшчэ можа закончыцца сяброўства нацыстаў і камуністаў?

Вайна для Беларусі – не лінія фронту

Асноўны вобраз вайны для расейскай прапаганды – гэта змаганне мільённых масаў жаўнераў, дзясяткаў тысячаў адзінак баявой тэхнікі, а героі вайны – гэта маршал, афіцэр або жаўнер.

Уся Беларусь была здадзеная савецкім войскам у першыя тыдні вайны. Такім чынам масавай мабілізацыю ў Чырвоную армію тут бальшавікі правесці не здолелі.

І самое насельніцтва, што Заходняй Беларусі, што Усходняй, памятаючы бальшавіцкі тэрор, не тое, каб надта імкнулася бальшавікам служыць. Працытуем толькі пару дакументаў:

«Варожыя элементы… вызвалілі з турмаў больш за 3 тыс. арыштаваных… адкрылі страляніну з вокнаў па частках і тылах нашых войскаў, якія праходзілі [праз горад], выкарыстоўваючы для гэтага схаваную зброю былой польскай арміі і кінутае нашымі часткамі», – напісаў ужо 13 ліпеня начальнік 3-га аддзелу (контрвыведка) 10-ай савецкай арміі палкавы камісар Лось у сваім рапарце пра падзеі ў Беластоку.

«Данясенне Вайсковай рады 30-ай арміі Вайсковай Радзе Заходняга фронту аб прычынах здачы ў палон чырвонаармейцаў. 6 верасня 1941 г. Зусім сакрэтна. № ВС/0069

Ваенны савет арміі, аналізуючы факты ганебных для арміі з’яваў – здачы нашых чырвонаармейцаў у палон да немцаў, выявіла, што значная частка тых, хто здаўся ў палон, належыць да чырвонаармейцаў паводле нацыянальнасці беларусаў, семʼі якіх у гэты час пнрабываюць у акупаваных немцамі вобласцях.

У арміі маюць месца факты пераходаў да немцаў з гэтай катэгорыі чырвонаармейцаў не толькі асобных людзей, але за апошні час ёсць выпадкі, калі гэты пераход ажыццяўлялі арганізавана цэлыя групы, гэтак, напрыклад:

27.VIII у 903-ім с[тралковым] п[алку] з 8-ай роты 3 батальёну, якая была на перадавой лініі, з паста сышла да немцаў са зброяй група чырвонаармейцаў колькасцю 5 чалавек. Усе аказаліся беларусамі, якія паходзяць з Віцебскай вобласці».

У выніку гэтых фактараў у 1941-1943 гадах доля беларусаў у Чырвонай арміі была не надта большая, чымся эстонцаў. Пры тым, што эстонцы, абʼектыўна кажучы, былі яшчэ больш антысавецкія, чым беларусы, бо мелі да савецкай акупацыі сваю незалежную дзяржаву, а насельніцтва Беларусі разоў у 7-8 перавышала насельніцтва Эстоніі.

Асноўная частка беларускіх мужчын, якія падпадалі пад прызыў, трапіла ў Чырвоную армію ўлетку-ўвосень 1944 года, калі да канца вайны заставалася менш як год. Так і атрымалася, што хоць беларускае насельніцтва да пачатку нямецка-савецкай вайны складала прыблізна 5 % насельніцтва СССР, то доля беларусаў у стратах Чырвонай арміі аказалася меншая за 3 %.

Беларуская вайна – выжыванне, тэрор і суіснаванне

Што ж такое Другая сусветная вайна ў беларускай народнай памяці? Гэта тое, што ніяк не адпавядае стандартнаму савецкаму, а ў значнай ступені і беларускаму афіцыёзу.

Гэта жыццё ў тыле арміі, якая ваюе. Нямецкай арміі. Беларускія гарады – Менск, Гомель, Магілёў, Віцебск – бамбяць усе тры гады нямецкай акупацыі не нямецкія, а савецкія самалёты. Невялікія тылавыя часткі гэтай арміі кантраляваць свой тыл не маглі, самі розныя нямецкія ўстановы мелі розныя ўяўленні пра тое, што і як тут увогуле рабіць, такім чынам на беларускай тэрыторыі стварылася своеасаблівае «права джунгляў» – хто цяпер і на гэтым квадратным метры моцны, той і мае ўладу.

Васіль Быкаў, Максім Танк і Наталля Арсеньнева, Марыя Осіпава, Францішак Кушаль, Вера Харужая, Ларыса Геніюш, Анатоль Радзівонік, Алена Мазанік, Надзея Абрамава, Юлʼян Бортко, Вінцэнт Гадлеўскі, Марат Казей, Васіль Супрун, Янка Брыль, Надзея Траян, Янка Філістовіч, Васілій Корж, Радаслаў Астроўскі, Іван Варвашэня, Валянцін Тарас, Францішак Аляхновіч, Павал Галавачоў, Уладзь Шчарбацэвіч, Вацлаў Іваноўскі, Тувʼе Бельскі. Беларусы – жаўнеры савецкай і польскай арміі, партызаны, паліцыянты, байцы Беларускай краёвай абароны, Арміі Краёвай, сябры Саюзу беларускай моладзі. Калаж аўтара

Гэта пачуццё смяротнай небяспекі ад любога чалавека, які ідзе са зброяй, якую б ён форму ні насіў. Каб выжыць, ад гэтага чалавека трэба было схавацца або яго трэба было забіць. Або – суіснаваць з ім, адкупіцца ад яго ці знайсці з ім агульную мову, агульны інтарэс.

У выніку беларуская Другая сусветная – гэта адсутнасць рэзкага падзелу на сваіх і чужых – ніхто да канца не свой. І адначасова гэта падзел паміж сваймі, штодзённы выбар – хто на якім баку, часам унутры адной сямʼі. Гэта тэрор – як нацысцкі, гэтак і бальшавіцкі, партызанскі, рабункі ды гвалт.

Штосьці з гэтага ёсць у афіцыйнай расейскай версіі вайны? Няма. Гэтага амаль ніколі няма нават у афіцыйнай беларускай версіі вайны.

А, значыць, дасюль мы не маем беларускага дня памяці пра тую вайну. І важнымі для ўнукаў і праўнукаў будуць не фанфары на тэлебачанні і не чырвоныя сцягі на вуліцах, а некалькі праўдзівых словаў успамінаў дзядулі або бабулі за сямейным сталом.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў