Апошнія выходныя перад парламенцкімі выбарамі рэгіянальныя дэмакратычныя кандыдаты выкарыстоўваюць напоўніцу і з прыдумкамі.
Каб пазбегнуць будаўніцтва прадпрыемства з парушэннямі, партыя «Зялёныя» прапануе жыхарам Светлагорску галасаваць за свайго кандыдата Юрыя Ляшэнку.
ЮРЫЙ ЛЯШЭНКА, КАНДЫДАТ НА ДЭПУТАЦТВА, СВЕТЛАГОРСКАЯ ВЫБАРЧАЯ АКРУГА № 46:
«І так працягласць жыцця нашага рэгіёну на 13 гадоў менш, чым па краіне. Таму што ў нас анкалогія, у нас няма чыстай вады, у нас няма чыстага паветра. Наш горад месціцца ў зялёнай зоне, і я хачу, каб ён сапраўды быў зялёным, чыстым».
Пасыл пікету знайшоў водгук сярод гараджанаў.
ЖЫХАРКА СВЕТЛАГОРСКУ:
«Пахі ёсць як хімзавод уключаюць, дык таксама непрыемна. Пажадана, каб яго менш было».
І калі ў Светлагорску заклікалі сачыць за экалогіяй, то ў Брагіне, таксама на Гомельшчыне, напярэдадні агітавалі за больш здаровы «інфармацыйны» лад жыцця. На пікеце кандыдата ад АГП Аляксея Атрошчанкі жыхары маглі пазнаёміцца з незалежнымі медыямі: тут транслявалі тэлеканал «Белсат» і радыё «Свабода».
НАТАЛЛЯ САМСОНАВА, ДАВЕРАНАЯ АСОБА КАНДЫДАТА:
«Мы ўдзельнічаем у гэтак званых выбарах толькі для таго, каб данесці людзям праўду. Сёння мы кажам: хопіць глядзець брахлівае тэлебачанне, так званае БТ робіць з вас зомбі».
Пікетоўцы звярталі ўвагу і на іншыя праблемы рэгіёну ды краіны. Эканамічныя…
ГАЛІНА НАВУМАВА, ЖЫХАРКА БРАГІНА:
«Зачыненае ўсё, нічога няма, адзін толькі хлебазавод і магазін. Дык а дзе яны, залатыя горы? В самі бачыце! Вы бачыце? Тое і мы бачым!»
Гучалі і бюракратычныя пытанні.
АЛЯКСЕЙ АТРОШЧАНКА, КАНДЫДАТ НА ДЭПУТАЦТВА:
«Калі раней пры савецкай уладзе тут былі два выканкамы, то цяпер тут ужо чатыры будынкі, і ўсё роўна ўсе чыноўнікі ў іх не змяшчаюцца. Я такое бачу ўпершыню. Па ўсёй Гомельшчыне такога няма».
У некаторых мясцовых сумнеў выклікае і эфектыўнасць айчынных парламентарыяў.
ПЁТР КУЛАКОЎСКІ, ЖЫХАР БРАГІНА:
«Што яны там робяць? Тому што законы, па сутнасці, прымаюцца толькі ўказы прэзідэнта. Жывем паводле ўказу».
Пікет у Брагіне, дзе актыўнай агітацыі не бачылі вельмі даўно, прыцягнуў увагу ў тым ліку чыноўнікаў ды двух прадстаўнікоў МУСу ў цывільным.
А вось у Магілёве апазіцыйныя кандыдаты пастанавілі правесці супольную акцыю: тут былі Абʼяднаная грамадзянская партыя, БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), а таксама БХД.
УЛАДЗІМІР ШАНЦАЎ, КАНДЫДАТ НА ДЭПУТАЦТВА, АБʼЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ:
«Мы апошнім часам часта збіраемся разам. Сёння мы ўпрыгожылі гэтую вуліцу бел-чырвона-белымі сцягамі. Няшмат у нас засталося часу, калі мы можам разгарнуць свае сцягі на цэнтральнай пешаходнай вуліцы Магілёва».
Палітыкі, з іхных словаў, спрабуюць аднавіць сацыяльную справядлівасць. А менавіта – вярнуць у працоўны стаж навучанне, дэкрэтны адпачынак, службу ў войску.
ЖЫХАРКА МАГІЛЁВА:
«А ў войска чалавек ідзе – рызыкуе жыццём, здароўем. Жанчына выхоўвае дзіця – гэта таксама праца».
Між тым скептыцызму адносна моцы выбараў хапала і ў Магілёве – як сярод мінакоў, гэтак і сярод самых палітыкаў.
ЖЫХАР МАГІЛЁВА:
«Нашых у парламент не пусцяць. Сыдуць адныя марыянеткі, прыйдуць іншыя».НАТАЛЛЯ ШКАДУН, КАНДЫДАТКА НА ДЭПУТАЦТВА, БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПАРТЫЯ (ГРАМАДА):
«Калі б былі справядлівыя выбары, я думаю, шанец у мяне быў бы дастаткова высокі».
Пакуль жа кандыдаты расцэньваюць гэтую кампанію як рэпетыцыю перад будучыняй, калі празрыстыя выбары зробяцца рэальнасцю.
ТР, «Белсат»