Нападаў на банкі, каб сплаціць крэдыт. Міліцыя злавіла гомельскага рабаўніка


9 сакавіка на прэс-канферэнцыі Упраўлення ўнутраных справаў Гомельскага аблвыканкаму стала вядома пра затрыманне 24-гадовага хлопца, які рабаваў мясцовыя аддзяленні банкаў.

Гамяльчук распавёў праваахоўнікам, што частку нарабаваных грошай ён пусціў на аплату банкаўскага крэдыту. Астатнія выдаткаваў на асабістыя патрэбы.

Нагадаем, што першы напад адбыўся ў пасёлку Бальшавік пад Гомелем 10 студзеня. Нападнік схаваў твар пад шалікам і пагражаў супрацоўніцы «Беларусбанку» прадметам, падобным на пісталет. Касірка аддала нападніку Br 4000 і 30 тысяч расейскіх рублёў, а таксама тысячу долараў. Тады нападніка злавіць не ўдалося.

2 сакавіка хлопец спрабаваў абрабаваць банкаўскае аддзяленне ў аграгарадку Бабовічы, але касірка націснула на трывожную кнопку, і нападнік уцёк.

Hавiны
Як у кіно: на Гомельшчыне мужчына паспрабаваў абрабаваць банк
2020.03.02 18:10

Пасля гэтага праваахоўнікі высветлілі ягоную асобу і пачалі назіранне. Рабаўніка затрымалі падчас спробы пазбавіцца ад рэчавых доказаў.

Раней затрыманы не быў судзімы. Гамяльчук зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам і завочна вучыцца ў ВНУ.

Затрыманы заключаны пад варту. У дачыненні да яго ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 207 Крымінальнага кодэксу (разбойны напад, здзейснены паўторна з мэтай завалодаць маёмасцю ў буйным памеры).

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў