«Нам трэба больш спажываць электраэнергіі». Лукашэнка рыхтуецца да працы БелАЭС

Кіраўнік Беларусі 10 красавіка правёў нараду для абмеркавання праекту ўказу «Аб кампенсацыі расходаў на электразабеспячэнне эксплуатаванага жыллёвага фонду».

На нарадзе Аляксандр Лукашэнка выступіў за стымуляванне людзей да спажывання электраэнергіі ў жылых дамах.

«З улікам таго, што мы ўводзім у строй атамную станцыю, з’явяцца дадатковыя абʼёмы электрычнай энергіі. Як я часта казаў, нам трэба больш спажываць электраэнергіі, бо ў нас яе будзе нават з лішкам (калі як цяпер будзем выкарыстоўваць цяперашнія магутнасці, плюс дададуцца)», – сказаў кіраўнік краіны.

На фоне падзення коштаў на нафту Лукашэнка лабіруе электратранспарт

Паводле яго, з дапамогай БелАЭС Беларусь прыкладна на 5 млрд куб.м менш будзе спажываць прыроднага газу.

Праект указу «Аб кампенсацыі расходаў на электразабеспячэнне эксплуатуемага жыллёвага фонду» датычыць спажывання электраэнергіі насельніцтвам і стымулявання яе спажывання грамадзянамі: «калі вы не будзеце выконваць нейкія ўмовы, льготы не атрымаеце і будзеце плаціць па больш высокаму тарыфе», сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі пры гэтым адзначыў, што ўлік павінен быць арганізаваны так, каб грамадзяне маглі выканаць неабходныя ўмовы.

«Каб не бабахнулі па галаве людзям, а потым будзем адкручваць назад, калі нешта не так», – сказаў ён.

Тым не менш, Лукашэнка ўпэўнены ў неабходнасці стымуляваць людзей да большага спажывання ў жылых дамах электрычнасці замест прыроднага газу.

Працаўнік БелАЭС: «Некаторыя ў межах прафілактыкі COVID-19 столькі з’елі цытрамону, што ў іх дыярэя»

Праект указа распрацаваны для стымулявання грамадзянаў да пераходу ў сваіх жылых дамах на выкарыстанне электраэнергіі для ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы. Гаворка ідзе пра аднакватэрныя (блакаваныя) жылыя дамы.

БелАЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт будуецца па расейскім праекце паблізу Астраўца, за 50 кіламетраў ад Вільні. Генеральным падрадчыкам выступае карпарацыі «Расатам». Увод першага энергаблока запланаваны ў 2020 годзе, другога – у 2021-м.

МГ belsat.eu

Hавiны