Найстаражытнейшыя замкі Беларусі


Раней на тэрыторыі Беларусі налічваліся каля сотні замкаў. Да сённяшніх дзён захавалася толькі некалькі дзясяткаў і большасць з іх у жахлівым стане. Але надзея аднойчы пабачыць іх адноўленымі ёсць, як гэта было са старажытным Мсціслаўскім замкам. Яго аднавілі амаль з нуля. Мы падрыхтавалі для вас спіс найстаражытнейшых замкаў краіны. Варта паехаць і дакрануцца да нашай гісторыі.

1. Наваградскі замак (XI-XVI ст.)

Быў рэзідэнцыяй князёў Вялікага Княства Літоўскага. У Наваградку адбылася каранацыя Міндоўга. Праз войны ад былой велічы Наваградскага замку сёння засталіся толькі рэшткі. У знішчэнні замку ўзялі ўдзел і мясцовы жыхары – разабралі замак на гаспадарчыя патрэбы. Цяпер закансерваваны. (Дарэчы, кансервацыя старажытнага замка абышлася танней за гадавое ўтрыманне БРСМ.)

2. Стары замак у Горадні (ХІ-ХІХ ст.)

Гарадзенскі замак з’яўляецца адным з найстаражытнейшых абарончых будынкаў Беларусі. Тут была княжацкая, а затым каралеўская рэзідэнцыя, у прыватнасці, Вітаўта і Стэфана Баторыя. Тут памёр Казімір IV Ягелончык. На тэрыторыі замка знаходзіцца Ніжняя царква ХІІ ст. (дакладней яе рэшткі), а недалёка ад яго і старажытная Каложская царква.

3. Свіслацкі замак

Паводле некаторых адмыслоўцаў, замак быў пабудаваны ў ХІ ст. Будаўніцтва абарончага будынку полацкіх князёў звязваюць з Глебам Усяслававічам. Пэўны час замак быў цэнтрам Свіслацкага княства, але ў XIV ст., калі памёр апошні Свіслацкі князь, тэрыторыя княства была далучаная да ВКЛ.

4. Барысаўскі замак (XII-XIV ст.)

Замак быў пабудаваны на левым беразе Беразіны і займаў 2 Га. Адна з першых згадак прыходзіцца на часы кіравання Свідрыгайлы. Ён, дарэчы, значыцца ўладальнікам замку. Замак пацярпеў ад шматлікіх войнаў ды аблогаў. Шмат разоў руйнаваўся і аднаўляўся.

5. Тураўскі замак

Мяркуецца, што Тураўскі замак быў збудаваны ў XIII ст. Вакол замка быў абарончы вал і роў з вадой. Сёння тут можна наведаць археалагічны комплекс, дзе можна пабачыць археалагічныя знаходкі, звязаныя з гісторыяй замка.

6. Лідскі замак

Быў збудаваны ў XIV ст. па даручэнні князя Гедыміна (за 5 гадоў!), каб перакрыць шлях крыжакам у цэнтральныя землі ВКЛ. На тэрыторыі замка размяшчаліся царква, суд, астрог, архіў, жылыя пабудовы. Варта адзначыць, што менавіта тут пабраліся шлюбам 71-гадовы Ягайла і 17-гадовая Софʼя Гальшанская.

7. Крэўскі замак (XIV ст.)

Пабудаваны пры Гедыміне і Альгердзе. Паводле некаторы версіяў, будаўніцтва пачалося яшчэ ў канцы XIII ст. Замак займае значнае месца ў гісторыі Беларусі. Тут задушылі Кейстута (князь Вітаўт здолеў збегчы), і была падпісаная Крэўская ўнія.

8. Мірскі замак

Быў пабудаваны ў XVI-XVII ст. Часамі называюць XV ст. Стаў першым прыватным замкам на тэрыторыі Беларусі. Калі не зважаць на спецыфічную рэстаўрацыю, гэта беларускі замак, які знаходзіцца сёння ў найлепшым стане. За сваю гісторыю ім валодалі Ільінічы, Радзівілы, Вітгенштэйны, Светаполк-Мірскія. Мірскі замак уваходзіць у спіс абʼектаў UNESCO.

9. Замак Гаштольдаў (XVI–XVI ст.)

Пабудаваны канцлерам ВКЛ Альбрэхт Гаштольдам, які атрымаў тытул графа «з Мураваных Геранён» ад імператара Карла V. Дарэчы менавіта тут пазнаёміліся Барбара Радзівіл – удава Станіслава Гаштольда і будучая жонка Сігізмунда II Аўгуста, каралева Рэчы Паспалітай.

10. Лыскаўскі замак

Каралеўскі замак XV-XVIII. Ёсць меркаванне, што пэўны час належаў Боне Сфорца. Цяпер ад замка амаль нічога не засталося. У праграме «Замкі Беларусі» на добраўпарадкаванне замку было выдаткавана каля Br 15 млн.

belsat.eu

Стужка навінаў