Нафтавая вайна Лукашэнкі з Пуціным канчаецца


У нафтавай вайне Беларусі з Расеяй нашую краіну на гэтым тыдні падтрымала – пакуль толькі сімвалічна – Польшча. Цяпер словы Лукашэнкі пра рэверсныя пастаўкі нафтапровадам «Дружба» не выглядаюць блефам. Аднак пасля нечаканага асабістага ўмяшання Пуціна можна казаць пра хуткае завяршэнне канфлікту. І хаця ў ім напэўна адбудзецца яшчэ не адна бітва, як будзе выглядаць ландшафт пасля гэтай спрэчкі для Менску – ужо зразумела.

Да спрэчак з Расеяй аб нафце беларусы прызвычаілася: найбольш інтэнсіўныя адбываюцца напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў. Адчуванне, што як і сярэдняя працягласць кахання, нафтавая любоў Лукашэнкі з Масквой цягнецца пяць гадоў.

«З трох ветак нафтапроваду «Дружба» мы спачатку забяром адну – і ўжо не яны будуць туды прадаваць, а мы ў адваротным напрамку, рэверсам, з Гданьску паставім на Мазыр і Наваполацк нафту», – заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы з калектывам Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбінату.

Польшча і ЗША вядуць перамовы пра пастаўкі нафты ў Беларусь. Пра гэта ў чацвер паведаміла Польскае прэсавае агенцтва. Некалькі тыдняў таму кіраўнік дыпламатыі Злучаных Штатаў Майк Пампэа заявіў падчас візіту ў Менск пра магчымасць паставак у Беларусь 100 % амерыканскай нафты.

«Мы ў Польшчы зацікаўленыя, па меры магчымасцяў, дапамагчы Беларусі дастаўкамі нафты, калі гэта будзе неабходна. Гэта павінна пачацца ў момант, калі беларусы набудуць нафту, якую б хацелі даставіць на свае НПЗ. Тады мы праз нашую транспартную сістэму можам даставіць спачатку невялікія, а з цягам часу нашмат большыя партыі», – заявіў падчас візіту ў ЗША Пётр Наімскі, прадстаўнік ураду Польшчы ў справах стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры.

Уладзімір Пуцін у той жа час прапанаваў Лукашэнку кампенсацыю за падатковы манеўр Расеі памерам 300 мільёнаў долараў. Кіраўнік Беларусі падаў гэта як перамогу, але 300 мільёнаў долараў Менск страціць толькі сёлета. Сумарная страты эксперты ацэньваюць ажно на мільярд долараў.

Пакуль жа бакі не дамовіліся пра галоўнае: пастаўкі сыравіны. Шэсць расейскіх кампаніяў у сакавіку прададуць яе Беларусі столькі, каб забяспечыць толькі нашыя ўнутраныя патрэбы. Трэці месяц запар Менск не можа экспартаваць нафтапрадуктаў. І трэці месяц запар шукае альтэрнатыўных пастаўшчыкоў. На гэтым тыдні падпісалі дамову з Азербайджанам.

Ільхам Шабан, кіраўнік Цэнтру незалежных даследаванняў Азербайджану:

«Можна чакаць, што Беларусь заплаціць за гэтую нафту бартарам. Бо летась Азербайджан імпартаваў з Беларусі бензін маркі 98, «супербензін»».

Бакінскія эксперты кажуць, што нафта будзе азербайджанскага паходжання. Знаўцы з Украіны, праз тэрыторыю якой будзе адбывацца транспартаванне сыравіны, кажуць, што гэта неістотна.

Генадзь Рабцаў, эксперт у энергетычнай сферы, Кіеў:

«Гэтая нафта можа быць як азербайджанскай, гэтак і арабскай – ніякай розніцы тут няма, бо нафтай гандлююць, як правіла, ужо не тыя кампаніі, якія яе здабываюць, але вялікія трэйдары са швейцарскай, брытанскай, амерыканскай або любой іншай прапіскай».

Згодна з планам Лукашэнкі, апроч украінскага шляху Беларусь мае набываць нафту таксама праз балтыйскія парты. Эксперты, аднак, звяртаюць увагу, што транспарт нафты як праз Адэсу, гэтак і праз Клайпеду будзе каштаваць Менску даражэй, чымся 10–12 даляраў за тону, якія мы плацім расейскім пастаўляльнікам. Апроч палітычнага або эканамічнага аспектаў немаленькую ролю адыгрывае і геаграфічны. Нашыя НПЗ размешчаныя пад пастаўкі з Расеі, а не танкерамі.

Рытас Стасяліс, журналіст, Літва:

«Звычайна НПЗ будуюць на беразе мора, каб можна было танна нафту прывезці і потым адвезці прадукты туды, дзе іх набываюць».

Пры цяперашняй маржы экспартаваць нафтапрадукты ў далёкае замежжа па моры Беларусі ўжо нявыгадна. Але пра выгады ад таннай нафты Менску давядзецца забыць назаўсёды. Нават кампенсацыя Расеі за брудную нафту складзе толькі дзясятую частку рэальных стратаў.

«20 адсоткаў ад рынкавага кошту, – гэта ненадзейна. Можна так пражыць год-два, але потым у самой Расеі знойдуцца тыя, хто захоча ў гэты бізнес улезці і мець такую выгаду», – мяркуе Рытас Стасяліс.

Зусім без нафты Беларусь, канечне, не застанецца. І нават можа спадзявацца на некаторыя зніжкі: Расея мае ў Беларусі свае сеткі заправак, якія не могуць увозіць паліва з Расеі.

Мар’юш Маршалкоўскі, рэдактар «Biznes Alert», Варшава:

«Беларусь, варта адзначыць, перапрацоўвае вялікую колькасць расейскай нафты – 18 мільёнаў тонаў штогод. Расейцы не могуць пакінуць сабе і проста недзе трымаць такую колькасць нафты, бо можа аказацца, што ў выпадку змяншэння попыту на нафту ў свеце яны страцяць больш, чымся калі прададуць яе па меншай цане Беларусі».

На карысць Лукашэнкі грае таксама каронавірус, які зменшыў попыт на нафту ў свеце – у тым ліку расейскую. Ува ўмовах мінімальных за апошнія 13 месяцаў цэнаў у Беларусі з’яўляецца больш магчымасцяў шукаць новых пастаўляльнікаў. Але іх доля, кажуць эксперты, будзе маргінальнай.

Галоўны вынік сёлетняй нафтавай вайны – канчатковае знікненне з грамадскай свядомасці папулярнага міфу пра «нафту ў абмен на пацалункі». Падчас кожнай нафтагазавай вайны Лукашэнка ўзамен за часовую саступку аддаваў Расеі кавалак эканамічнай і палітычнай незалежнасці – прадаючы нашую газатранспартную сістэму, уваходзячы ў Мытны саюз і інтэгруючыся з Масквой мілітарна. У сёлетняй вайне няма нават часовых саступак. Бясплатны сыр чвэрць стагоддзя еў Аляксандр Лукашэнка, а ў пастку трапілі мы.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Кампраміс, які прапанаваў Пуцін, – гэта тое, што яны будуць змяншаць прэмію на пастаўкі расейскай нафты ў Беларусь, прапарцыйна таму, як будзе падымацца гэтая цана [на нафту] у выніку падатковага манеўру. То бок яны забралі ў нас сотні мільёнаў долараў на год, а аддаюць назад дзясяткі мільёнаў долараў».

Пуцін дазволіў Лукашэнку захаваць твар – і напярэдадні выбараў не ажыццяўляць «забор транзітнай нафты» з трубы (то бок, па сутнасці, яе красці).

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Фота на прэв’ю: POOL/Reuters/Forum

Сюжэт з праграмы «ПраСвет» ад 28.02.2020

Іншыя тэмы выдання:

 

 

Стужка навінаў