Надзвычайнае становішча ў гасціннай Грузіі. Як гэта дзее?


Грузінскія вайскоўцы гутараць з кіроўцам на кантрольна-прапускным пункце.
Фота: IRAKLI GEDENIDZE / Reuters / Forum

Грузія, ВУП якой у пераліку на асобу на траціну меншы, чымся ў выпадку Беларусі, не баіцца смерцяў праз голад. За мэту ўлада ўзяла ўратаваць сотні чалавечых жыццяў, а таму ўжыла наймацнейшую абарону: каменданцкая гадзіна, закрытыя рэгіёны і чатыры гарады. Жорсткі каранцін увялі ледзь не адразу.

Першы выпадак заражэння каронавірусам у Грузіі выявілі днём раней чымся ў Беларусі – 26 лютага, а сёння ў краіне 399 інфікаваных. Першыя абмежаванні ў краіне ўвялі, калі выпадкаў заражэння каронавірусам было 9. Напачатку яны закраналі толькі людзей, якія прыязджалі з так званых краінаў рызыкі: Кітаю, Паўднёвай Карэі, Ірану, Італіі. Крыху пазней да спісу небяспечных далучыліся іншыя краіны Еўразвязу – Францыя, Аўстрыя, Іспанія, Нямеччына.

Праз тры тыдні пасля першага выпадку, 18 сакавіка, Грузія абвесціла пра закрыццё межаў, усе міжнародныя авіярэйсы прыпынілі. Яшчэ праз 2 тыдні, 31 сакавіка, у краіне ўвялі жорсткі каранцін і каменданцкую гадзіну.

Зараз па ўсёй краіне адкрытыя толькі прадуктовыя крамы і аптэкі. Уваходзіць туды можна толькі па аднаму. Установы мусяць зачыніцца да 19:30. Дзейнічае каменданцкая гадзіна: ад 21 гадзіны да 6 раніцы нельга выходзіць на вуліцу. Грамадскі транспарт і нават таксоўкі ў гэты час не працуюць.

Па-за каменданцкаю гадзінаю на вуліцы нельга збірацца ў кампаніі больш за 3 чалавекі. За парушэнне правілаў – штраф у € 1000 у эквіваленце.

Падатковыя вакацыі і дапамога Захаду

Улады Грузіі глядзяць відэазварот прэзідэнта Еўракамісіі, які пахваліў урад Грузіі за паспяховае змаганне з каронавірусам.
Фота: gov.ge

Каб зменшыць ціск на эканоміку, грузінскі ўрад прыняў пэўныя захады. У краіне ўведзеныя падатковыя вакацыі. Перш-наперш гэта датычыць турыстычнага бізнесу і сектару паслугаў, у якім працуе каля 18 тысяч чалавек. Да лістапада рэстарацыі, гатэлі, турыстычныя агенцыі, транспартныя кампаніі могуць не плаціць падаткі.

«Гэты крызіс – вялікі выклік для грузінскай эканомікі», – кажа магістр бізнес-адміністравання Ліза Кацяшвілі. Фота суразмоўцы

Кожны грузін, які згубіць працу падчас крызісу, атрымае дапамогу ў эквіваленце € 50 еўра. Можна не плаціць за камунальныя паслугі на працягу трох месяцаў.

«Гэты крызіс – вялікі выклік для грузінскай эканомікі. Большасць эканамістаў заклікаюць увогуле адмовіцца ад падаткаў для бізнесу. Але пакуль што ўрад не выпрацаваў узважаную стратэгію для бізнесаў увогуле», – тлумачыць жыхарка Тбілісі, магістр бізнес-адміністравання Ліза Кацяшвілі.

Галоўны сродак падтрымання грузінскай эканомікі – пераразмеркаванне бюджэту. Не абышлося і без замежнай дапамогі: Грузія атрымала пазыку ў $ 45 млн ад Сусветнага банку і каля € 700 млн ад Еўразвязу.

Пацалункавая традыцыя і каранцін

Ісці шляхам жорсткіх абмежаванняў Грузія вырашыла з двух прычынаў:

  1. Як і ў іншых краінах, урад справядліва непакоіўся, што ў выпадку раптоўнага павелічэння колькасці хворых, медычная сістэма не вытрымае нагрузкі. У Грузіі сістэма аховы здароўя грунтуецца на страхоўках. У выпадку эпідэміі грузінскі ўрад абяцаў, што ўсіх шпіталізаваных будуць лекаваць за кошт дзяржавы.
  2. Другая прычына датычыць культуры. Грузіны – вельмі тактыльны народ, у іх прынята абдымацца і цалавацца пры сустрэчы. А гэта найбольш хуткі шлях перадачы рэспіратарнай інфекцыі. Таксама рэлігія грае вялікую ролю ў грузінскім грамадстве. У час велікодных свят аніякія штрафы не маглі паўстрымаць вернікаў ад наведвання царквы.
Тбілісі, Грузія, 12 красавіка. Вернікі ля Кашвецкай царквы Святога Георгія ў Вербную нядзелю.
Фота: David Mdzinarishvili / TASS / Forum

Грузіны прасілі ўвесці каранцін

Паводле жыхаркі Тбілісі Лізы Кацяшліві, праектнай менеджаркі ў некамерцыйнай арганізацыі, большасць грузінаў літаральна прасілі ўрад увесці істотныя абмежаванні.

«Я асабіста была супраць такіх захадаў. Але выглядае на тое, што шмат каму падабаецца локдаун і надзвычайны стан», – кажа яна.

Яраслаў Алейнік і Марына Корж у Грузіі. Сэлфі

З ёй пагаджаюцца і беларусы Яраслаў Алейнік і Марына Корж, якія зараз жывуць у сталіцы Грузіі.

«Мы думалі, што ваяўнічыя грузіны будуць супраць такіх жорсткіх захадаў. Але не – усе носяць маскі, сядзяць у кватэрах. Зараз у крамах ёсць спецыяльны чалавек, які рэгулюе дыстанцыю ў чарзе і запускае людзей унутр. Аднойчы мы зайшлі ў краму не па ягонай камандзе, на што іншы пакупнік актыўна папрасіў нас выйсці. Вельмі ўражвае такая сацыяльная адказнасць», – распавядае Яраслаў.

Беларусы адзначаюць, што грузіны вельмі клапоцяцца адное аб адным, У краіне актывізаваўся валанцёрскі рух, які дапамагае людзям сталага веку.

«Няма ўражання, што грузіны ў роспачы. Разумеюць, што часы цяжкія, але маюць аптымізм: маўляў, усё кепскае скончыцца. Мы бачым у Грузіі вялікі давер да ўладаў. Ад першых дзён яны падавалі дакладную інфармацыю», – кажа Марына Корж.

Ліза Кацяшвілі звязвае такое стаўленне грузінаў да бягучага крызісу з няпростай гісторыяй краіны.

«Мы прызвычаіліся да войнаў і крызісаў. І ведаем, як трэба сябе паводзіць, калі нешта ідзе не так», – кажа яна.

Статыстыка каронавірусу на 20 красавіка – гэта 399 выпадкі інфікавання Covid-19, з якіх 4 чалавекі загінулі, 93 выздаравелі. Для параўнання, у суседняй Арменіі – 1399 выпадкаў захворвання. Рэжым надзвычайнай сітуацыі ў Грузіі будзе працягвацца прынамсі да 10 траўня.

КТ Belsat.eu

Стужка навінаў