Над чым смяюцца і пра што плачуць беларусы Беласточчыны


«Канцэрт пажаданняў» на радыё «Рацыя» – бадай што самая папулярная праграма на Падляшшы, рэгіёне ў Польшчы вакол Беластоку, дзе спрадвеку жывуць беларусы. З забаўляльнае перадачы яна ператварылася ў цэлую культурніцка-сацыяльную з’яву, што яднае нашых суродзічаў.

Штосуботу на Падляшшы з 18:00 на тры гадзіны замірае жыццё. Жыхары навакольных вёсак і мястэчак адкладаюць усе свае справы і збіраюцца каля радыёпрыёмнікаў, каб паслухаць «Канцэрт пажаданняў» у эфіры радыё «Рацыя».

З праграмаю звязаныя амаль усе найважнейшыя жыццёвыя падзеі жыхароў Падляшша, часам і не самыя вясёлыя.

Слухачка радыё прыгадвае, як калісьці дзеці віншавалі яе з мужам з залатым вяселлем:

«Смутна было. Муж быў ужо хворы. Цяжка было слухаць».

Камусьці ўлюбёныя песні і цёплыя пажаданні дапамаглі справіцца з пачуццём самоты, далі надзею:

«Слухаю і думаю: можа, хто і мне патэлефануе», – кажа другая жанчына.

Канцэрту чакаюць нібыта свята. Цешацца магчымасці паслухаць «старыя беларускія песні, запісаныя ад бабуль і дзядуляў» ды перадаць найлепшыя зычэнні родным і знаёмым. Тым, каму пашчасціла трапіць у эфір, важна ні пра каго не забыць ды перадаць найлепшыя пажаданні не толькі блізкім і далёкім сваякам, а таксама суседзям, персаналу шпіталю ды прадавачкам з мясцовых крамаў.

Сталыя слухачы «Канцэрту пажаданняў» на радыё «Рацыя»

Жыхар Гайнаўкі, спадар Янка, патэлефанаваўшы ў эфір у цяжкую хвіліну, пачуў ад айца Кастуся Бандарука, які акурат вёў праграму, што малітва і музыка даюць сілы.

Спадар Янка з Гайнаўкі

«Так і засталося па сёння. Калі малюся, калі слухаю радыё, калі вылаюся, а калі заспяваю», – кажа сталы слухач.

Слухаюць улюбёную праграму жыхароў Падляшша і далёка ад Беласточчыны. Дачка спадара Янкі ўжо 14 гадоў жыве з сям’ёй у Нідэрландах. У Ротэрдаме жанчына пачуваецца самотна, нягледзячы на тое, што палякаў навокал шмат, але «сваякоў», кажа, няма:

«Не заспяваеш па-нашаму і не пагаворыш».

Дачка спадара Янкі слухае «Канцэрт пажаданняў» у Ратэрдаме

«Канцэрт пажаданняў» – гэта нітачка, што звязвае яе з роднаю старонкаю, з бацькамі. Штосуботу кабета з сям’ёю слухае беларускі канцэрт, ведаючы, што ў той самы час у Гайнаўцы перад радыёпрыёмнікам сядзяць ейныя мама і тата. Часам удаецца дазваніцца ў эфір і перадаць ім пажаданні.

«Радыё «Рацыя» – гэта нашая вячэрня. Тры гадзіны, ад пачатку да канца перадачы мы ўсе слухалі», – кажа спадар Янка.

Канцэрт слухаюць і ўнукі сталага слухача, якія гадуюцца ў Нідэрландах. Іхная мама спадзяецца, што дзякуючы гэтаму яны будуць ведаць беларускую музыку і прынясуць яе ў свае сем’і ды будуць спяваць, як спявалі іхныя дзяды і бацькі.

Прыгожыя беларускія песні, людзі, якія, не зважаючы на мяжу, што падзяліла беларусаў, захавалі свае традыцыі, смех і слёзы, сакавітая лакальная гаворка, шырокая панарама праблемаў, якімі жывуць на Беласточчыне, – усё гэта ў фільме Мікалая Ваўранюка «Канцэрт жыцця» (відэа вышэй).

Стужка навінаў