Начальнік Генштабу: Беларусь гатовая паўдзельнічаць у міратворчых аперацыях ААН


Начальнік Генеральнага штабу Узброеных сілаў генерал-маёр Алег Белаконеў заявіў пра гатовасць Беларусі «да практычнай рэалізацыі ўзятых на сябе абавязкаў у частцы ўзычэння рэсурсаў для міратворчых аперацыяў ААН». Гэтую заяву кіраўнік Генштабу зрабіў на канферэнцыі ААН у Нью-Ёрку, паведаміла прэс-служба Мінабароны.

Белаконеў таксама падкрэсліў «адкрытасць і гнуткасць беларускага боку ў супрацы з замежнымі партнёрамі па пытанні міратворчых місіяў».

Мінабароны Беларусі таксама паведаміла, што Алег Белоконеў сустрэўся з начальнікам Генеральнага штаба Узброеных сілаў Італіі генералам Энца Вэччарэллі (Enzo Vecciarelli). Энца Вэччарэллі запэўніў беларускі бок у поўнай падтрымцы памкненняў Беларусі «пашырыць сваю прысутнасць у міратворчых місіях ААН і падкрэсліў неабходнасць нарошчвання сумесных намаганняў».

«У прыватнасці, у бліжэйшы час Італія разгледзіць пытанне аб падключэнні міратворчага падраздзялення Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь да адной з місіяў ААН», – адзначаецца ў паведамленні Мінабароны.

Пра місію ААН у якой краіне ідзе гаворка – невядома. Мінабароны Беларусі дэталі ініцыятывы не раскрывае.

На дадзены момант ААН ажыццяўляе 14 міратворчых аперацыяў па ўсім свеце. Сярод іх аперацыі ў ДР Конга, ЦАР, Малі, Косава, Паўдневы Судан, Ліван, Гаіці ды інш.

ВІДЭА
Лукашэнка: Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасць за забеспячэнне міру на Данбасе
2018.10.31 16:47

Перад візітам у Нью-Ёрк Белаконеў наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з кіраўніком Генштабу Украіны.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў