«На заняткі не прыйшлі 20–30 %». Студэнты распавялі пра каронавірусны байкот


У БДУ студэнтаў заклікаюць трымаць дыстанцыю. Фота Ірына Арахоўская

На мінулым тыдні моладзевыя актывісты заклікалі да байкоту заняткаў ва ўніверсітэтах, бо адміністрацыі ВНУ не перайшлі масава на дыстанцыйнае навучанне падчас COVID-19. Belsat.eu даведаўся, ці атрымалася акцыя і колькі студэнтаў усё ж працягваюць наведваць пары.

Яшчэ раней 16 тысяч чалавек падпісалі петыцыю да Мінаховы здароўя, Мінадукацыі і кіраўніцтва краіны з патрабаваннем перавесці ўстановы адукацыі на дыстанцыйнае навучанне ў сувязі з распаўсюдам каронавірусу. Некаторыя факультэты (напрыклад, БДМУ, Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту ды іншых) адмянілі лекцыі, аднак цэнтралізаванага пераводу на каранцін не адбылося. Гэтак, у БДУ, дзе былі выяўлены выпадкі інфікавання, працягваюцца заняткі. МДЛУ, дзе навучаецца шмат замежнікаў, таксама не пераходзіў на дыстанцыйную форму.

Студэнты БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Заклік да байкоту падтрымаў «Моладзевы блок», Задзіночанне беларускіх студэнтаў (ЗБС) і лакальныя суполкі ў шэрагу навучальных установаў. Пачалося ўся з акцыі, якую 19 сакавіка правялі студэнткі МДЛУ: дзяўчыны раздавалі ля ўваходу ва ўніверсітэт маскі з надпісам «Ха-ха, я тут памру». На панядзелак 23 сакавіка актывісты прызначылі «усеагульную забастоўку».

Hавiны
Студэнты МДЛУ абвясцілі забастоўку: яны патрабуюць каранціну
2020.03.19 07:03

«Хочам паказаць рэктарату, што ўсё магчыма»

Студэнтка чацвертага курсу МДЛУ Лізавета Пракопчык – адна з удзельніц акцыі – кажа, што байкот падтрымалі толькі часткова. Сама дзяўчына прытрымліваецца рэжыму самаізаляцыі з мінулай пятніцы.

Падчас акцыі 19 сакавіка ля МДЛУ. Фота радыё «Свабода»

«На жаль, я не бачу сама, колькі людзей не прыйшло сёння, бо я з 20 сакавіка перастала хадзіць, аднак дакладна ведаю, што тры групы з перакладчыцкага факультэту перасталі хадзіць. Па маім адчуванням, прыкладна 20% не наведваюць пары ў нашым універсітэце, у іншых таксама ёсць тыя, хто байкатуе. Але ж апытанкі ў тэлеграм-каналах сведчаць, што іх усё ж не так шмат», – кажа Ліза.

Паводле яе, прычына ў агульнай інэртнасці студэнцтва: большасць проста не гатовая да актыўных дзеянняў. Або, у гэтым выпадку, бяздзеяння.

«Казалі, што нічога не атрымаецца, што б мы ні рабілі. Маўляў, навошта вы гэта робіце, калі ўсё адно не атрымаецца? Калі наверсе не захочуць – нічога не будзе»

Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

Рэктарат МДЛУ, кажа Ліза, штодня з серады па суботу на мінулым тыдні рабіў афіцыйныя заявы.

«Там былі рэчы, якія вельмі дзіўна было чуць. Што кожнаму, хто звяртаецца ў медпункт з АРВІ, адразу ж робяць тэст і ўсіх правяраюць. Але гэта не так. Людзі, якія збіралі подпісы, прыходзілі ў медпункт з прастудай – ім ніхто ніякіх тэстаў не рабіў. Проста выпісвалі бальнічны ў лепшым выпадку. Пазіцыя рэктарату такая, што яны нібыта не могуць арганізаваць дыстанцыйнае навучанне праз спецыфіку ВНУ», – тлумачыць студэнтка.

Аднак, паводле яе звестак, курсы замежных моваў Streamlinе праводзяць заняткі дыстанцыйна, на онлайн-платформе Zoom. Цяпер актывісты плануюць напісаць падрабязную інструкцыю па карыстанні падобнымі платформамі і даслаць яе ў рэктарат, «каб паказаць, што ўсё магчыма».

Hавiны
«З мэтаю пазбегчы масавасці». У БДУ адмяняюць лекцыі
2020.03.15 20:22

«Прымушаюць верыць, што небяспекі няма»

З ананімнага апытання ў тэлеграм-канале «Отчислено» вынікае, што 26% студэнтаў у панядзелак байкатуюць заняткі. Яшчэ 39% пайшлі, але падтрымліваюць ідэю каранціну. Усяго 6% не бачаць у каранціне неабходнасці і прытрымліваюцца звыклага рэжыму.

Тым часам старастам груп на 4 курсе БНТУ адміністрацыя разаслала паведамленні з заклікам «не ўдзельнічаць у правакацыйных мерапрыемствах па байкоце заняткаў».

Галоўны корпус БНТУ. Фота – Ірына Арахоўская/«Белсат»

«Пакуль нам цяжка падвесці вынікі байкоту. Паводле апытанак, недзе 30% сёння не прыйшло. На мой погляд, гэта даволі шмат. Ёсць універсітэты, дзе цэлыя курсы не прыйшлі. У МДЛУ меншая яўка, чым звычайна. У БДУ ў некаторых групах ходзяць усяго па два чалавекі. То бок, акцыя больш-менш паспяховая.

Будзем глядзець на далейшую рэакцыю адміністрацый ВНУ. Я думаю, яны усё ж пойдуць на саступкі», – кажа актывіст «Моладзевага блоку» Даніла Лаўрэцкі.

Даніла Лаўрэцкі. Фота belsat.eu

На ягоную думку, адзіным правільным выйсцем у сітуацыі з каронавірусам будзе поўны пераход на дыстанцыйнае навучанне.

«Калі робяць адмену лекцыяў, а семінары застаюцца – гэта паўмера. Бо студэнты ўсё адно ходзяць і кантактуюць між сабой і з выкладчыкамі. У гэтым няма сэнсу», – мяркуе ён.

Абноўлена
Каронавірус выявілі ў жыхаркі Жыткавічаў. Яна не была за мяжой
2020.03.23 14:42

На пытанне, чаму ініцыятыва сыходзіць ад студэнтаў, а не ад адміністрацыяў, Лаўрэцкі адказвае:

«Ёсць у нас такія прадзяржаўныя ВНУ, якія самі вераць і прымушаюць іншых верыць, што небяспекі няма. Гэта звязана ў тым ліку з пазіцыяй прэзідэнта. Але ў Брытаніі, напрыклад, таксама толькі з мінулага тыдня каранцін ва ўніверсітэтах… Мы апошнія засталіся. Трэба рабіць усё магчымае, каб гэтая зараза менш распаўсюджвалася».

***

Па стане на 23 сакавіка ў Беларусі лабараторна пацверджаны 81 выпадак каронавірусу. Як паведамляе МІнаховы здароўя, 22 чалавекі папрасіліся: яны ўжо выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскіі са шпіталю. Афіцыйна каранцін у Беларусі дагэтуль не ўведзены. Краіна застаецца апошняй у рэгіёне, дзе не былі закрытыя межы і на дзяржаўным узроўні не скасаваныя ўсе масавыя імпрэзы.

КА belsat.eu

Стужка навінаў