На волю выйшаў сябар «Грамады» Станіслаў Паўлінковіч, якога вінавацяць у размяшчэнні порнароліку ў сацсетках


Пасля трох содняў на волю выйшаў магілёўскі сябар арганізацыйнага камітэту Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» Станіслаў Паўлінковіч, якога вінавацяць у размяшчэнні 6 гадоў таму парнаграфічнага роліку ў сацыяльных сетках. 18-га жніўня міліцыянты забралі актывіста з працы ды адтуль у кайданках адвезлі дадому, дзе правялі ператрус.

«Гэта быў не пост, гэта быў відэа ролік, які быў дабаўлены. У мяне яго няма. У мяне не было ніколі парнаграфічных відэа-ролікаў, я гэта казаў і не ведаю адкуль ён там зʼявіўся. Можа ўзламаў старонку хтосьці», – распавядае Станіслаў Паўлінковіч.

«Гэта выглядае як абарона годнасці мундуру, таму што яны зноў узбудзілі крымінальную справу, пасля таго як была напісана скарга на дзеянні міліцыі», – кажа праваабаронца Барыс Бухель.

Станіславу Паўлінковічу пагражае да 4-ох гадоў зняволення. Ягоны статус у крымінальнай справе – падазраваны, падпіскі пра нявыезд з актывіста пакуль не бралі.

Паўлінковіч збіраецца звяртацца па дапамогу да адваката і называе крымінальную справу палітычным пераследам за сваю актыўную пазіцыю, якую ён адкрыта выказвае ў тым ліку і ў сацыяльных сетках. Толькі сёлета ў актывіста двойчы праводзілі ператрус, штораз канфіскоўвалі тэхніку.

belsat.eu

Стужка навінаў