На Віцебшчыне хлопец з кактэйлем Молатава і нажом напаў на аддзяленне міліцыі


Г. Стопкадр з відэазвароту, апублікаванага NEXTA

У Віцебскай вобласці пры затрыманні 18-гадовы малады чалавек нанёс міліцыянтам нажавыя раненні. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных справаў Беларусі.

Падрабязнасці здарэння ў МУС не раскрываюць.

Але меркаваны нападнік пра прычыны свайго ўчынку напісаў у сваім тэлеграм-канале. Напад адбыўся на Верхнядзвінскі РУУС.

Як паведамляе NEXTA, падазраваны прыехаў у Верхнядзвінск са Смаргоні. Ён планаваў напасці на РАУС і завалодаць зброяй, але да месца прызначэння не дайшоў. Замест гэтага нападнік кінуў бутэльку з запальнай сумессю на тэрыторыю аддзелу аховы. Перад гэтым ён на сябе ж па 102 выклікаў нарад. Пры спробе затрымання хлопец параніў нажом двух міліцыянтаў. Пасля аказання медычнай дапамогі іх адпусцілі дадому.

Сам Г. у тэлеграм-канале выступіў з маніфестам, у якім патлумачыў прычыны свайго ўчынку і адзначыў, што дзейнічае цалкам самастойна.

«Мой светапогляд грунтуецца на мерытакратыі, наакратыі, трансгуманізме, сацыял-дарвінізме, секулярызм і, у некалькі меншай ступені, ніцшэанстве, лібералізме і лібертарыянстве ў маёй уласнай эклектычнай інтэрпрэтацыі», – заявіў ён.

Патлумачыўшы свае погляды на свет і Беларусь, Г. заклікаў сваіх аднадумцаў аб’ядноўвацца ў невялікія заканспераваныя рэвалюцыйныя групы і пачынаць рыхтавацца да актыўных дзеянняў супраць дзейнай улады.

На думку нападніка, неабходна дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне і падрываць рэпутацыю ўладаў, рыхтавацца да захопу падчас мітынгаў адміністратыўных будынкаў і офісаў дзяржаўных СМІ, каб пасля перадаць уладу трыумвірату.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў