На ўзгодненай мэрыяй Масквы акцыі «Закон і справядлівасць для ўсіх» на праспекце Сахарава сабраліся каля 1,6 тысячы чалавек, паведамілі «Интэрфаксу» у паліцыі. Але журналісты налічылі ўсяго некалькі сотняў.
Журналісты, што асвятлялі мерапрыемства, кажуць, што ацэнка паліцыі завышаная. Карэспандэнт «Дажджу» у прамым эфіры тэлеканала ацаніў колькасць у 400-500 чалавек. Паводле «Медузы», удзельнічаюць да 600 чалавек.
Нагадаем, 12 чэрвеня, у Дзень Расеі, у Маскве прайшоў несанкцыянаваны ўладамі марш у падтрымку Галунова. Колькасць удзельнікаў дасягнула некалькіх тысяч чалавек. Паліцыя затрымала 530 асобаў. Некаторых пакаралі адміністрацыйнымі штрафамі.
Мітынг жа 16 чэрвеня арганізавалі расейскія прапагандысты: галоўны рэдактар «МК» і старшыня Саюза журналістаў Масквы Павел Гусеў, чалец Савету па правах чалавека СПЧ, журналістка RT Кацярына Вінакурава, а таксама кіраўнік Саюза журналістаў РФ Уладзімір Салаўёў.
Першапачаткова мітынг планаваўся як акцыя ў падтрымку журналіста «Медузы» Івана Галунова, якога незаконна пераследавалі па абвінавачванні ў збыце наркотыкаў. Пасля вызвалення Галунова слоган мітынгу быў зменены.
Яшчэ адзін аналагічны мітынг запланаваны на 23 чэрвеня – яго ладзяць Лібертарыянская партыя Расеі і прафсаюз працаўнікоў СМІ.
КА belsat.eu