Дзіма Дзядок пра героя свайго фільму: «На руках у мяне і памёр»


Як рэжысёр Дзіма Дзядок пасябраваў з былым зняволеным і пацыентам псіхіятрычнай клінікі, зняў пра гэта фільм і чым усё гэта скончылася.

Фільм «Паміж небам і зямлёй» цяпер даступны на старонцы «Белсату». Ягоны трэйлер на Vimeo паглядзелі амаль 30 тыс. чалавек – нечакана, як на дыпломную працу маладога рэжысёра, які зняў стужку пра сваіх суседзяў.

Менск, вуліца Чкалава. Пётр правёў большую частку жыцця за кратамі судовай псіхіятрыі. Ён дапамагае Віталю, які нядаўна выйшаў з турмы, уладкавацца ў каморцы на гарышчы сваёй панэлькі і справіцца з цяжкімі ўспамінамі аб Афганскай вайне. Аднак такое суседства цешыць не ўсіх. Узімку, напрыклад, жыхары пад’езду абліваюць рэчы нелюбімых суседзяў вадой. Усё гэта адбываецца на вачах Дзімы Дзядка.

«Аднойчы Пеця прачытаў мне верш, я быў уражаны і вырашыў паздымаць эцюды, – узгадвае Дзіма Дзядок у размове з «Белсатам». – Пеця быў адкрыты, Віталік не вельмі. Гэта была дыпломная праца і яны ставіліся так, што дапамагаюць мне зняць мой фільм. Гэта быў сяброўскі акт».

У маладосці Пётр і Віталь займаліся адзінаборствамі. Але замест кар’еры чэмпіёнаў іх чакаў зусім іншы лёс. За час ізаляцыі, даўжынёй «амаль у жыццё», шмат што змянілася: краіна (разваліўся СССР), людзі. А героі фільму гэтак і засталіся думкамі ў часах сваёй савецкай маладосці.

«Магчымасць нешта змяніць для такіх людзей – гэта не адрынуць іх, таму што нешта глабальна мяняць у такім узросце і з такім досведам складана», – тлумачыць Дзіма Дзядок. Таму сяброўства, якое вылілася ў кінастужку, працягнулася і пасля здымкаў, якія скончыліся ў 2015 годзе. Пятра з мамай ён дагэтуль возіць на дачу. А Віталю спрабаваў аднавіць дакументы, вазіў яго у Дом начнога побыту на вул. Ваупшасава.

«Праўда, Віталю не падабалася, што там не «чафіраць». Вельмі сябравалі. Праўда, грошы я яму не даваў, таму што адразу купляўся карвалол. Гэта – космас… – працягвае рэжысёр. – Але памёр Віталік. На маіх руках памёр. Сустракаю яго неяк увечары. Ён радасны, выгалены, апрануты з іголачкі. Кажа: Дзіма, а восьмай падыходзь у бар (ёсць у нас у Доме культуры такі). Яго там частавалі старажылы раёну. Я прыйшоў, гляджу людзі тоўпяцца, рэанімацыя стаіць. Жанчыны ў слязах. Прабіраюся праз натоўп, а там Віталік ляжыць. Медыкі спрабавалі сэрца запусціць. Я з ім на «хуткай» паехаў. Доўга гэта працягвалася. У выніку доктар выйшаў. Вынес кій, шалік і гадзіннік. Пахавалі на Усходніх могілках, за дзяржаўны кошт. Пеця ўсё хоча мазаіку там выкласці з пліткі».

Цяпер наш суразмоўца рыхтуе наступны фільм: пра Дзіму. Злодзея-рэцыдывіста. Пытаемся, ці гэта ягоны профіль – людзі, якія апынуліся на абочыне жыцця. «Я пра адкрытых сэрцам людзей здымаю, – адказвае рэжысёр. – Пра цікавых людзей. Пра шчырых».

Глядзіце фільм «Паміж небам і зямлёй» (відэа ў пачатку артыкула).

Наста Ільіна, belsat.eu

Стужка навінаў