На радзіме Чэслава Немэна аднавілі ўнікальны барочны арган ХVІІІ ст.


Ніхто не верыў, што ў Старых Васілішках загучыць ізноў адзін з самых старых арганаў у Беларусі. Загучаў, аднак гэта толькі першы крок на шляху да ўзнаўлення шматгранных барочных гукаў.

Кручаная цагляная лесвіца старога касцёла крок за крокам выводзіць нас на «хоры». Падобны балкон над уваходам ёсць амаль у кожнай каталіцкай святыні, адкуль адкрываецца найлепшы від на хараство алтароў, залачоныя абразы і разьбяныя статуі святых.

Алтар «Грот» у касцёле ў Старых Васілішках. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Калі даглядчык святыні спадар Тамаш уключыў святло, перад вачыма разгарнулася неверагодная карціна: сапраўдная пячора пасярод касцёла. Такі алтар, называюць «гротам Хрыста» і ўбачыць яго ў Беларусі можна толькі ў Старых Васілішках.

 

З неахвотай адарваць вочы ад такой прыгажосці, прымусіў спадар Тамаш, які пачаў завіхацца каля аргана. Каб пачуць яго гукі, неабходна, як у старызну надзьмуць паветра скураным мехам. Некалі падчас малітваў гэтым займаліся па чарзе два чалавека, пакуль арганіст іграў літургічную музыку.

Арган называюць каралём музычных інструментаў. Сёння, калі музыка б’ецца ў вушы літаральна адусюль: галосіць шансонам з маршруткі, зрывае дах на рок-канцэртах або проста адрывае ад рэчаіснасці ў слухаўках, цяжка ўявіць сабе, чым быў арган для людзей у маленькай вёсцы, якія яшчэ не ведалі, што такое радыёпрымач.

Калі рука арганіста нетаропка клалася на клавішы, кожны гук велічна і спакойна ўзносіўся над чалавекам і разам з яго малітвамі, смуткамі і радасцямі, ляцеў у нябёсы. Дзякуючы групе дабрачынцаў-энтузіястаў, сёння мы атрымалі магчымасць пачуць, як дзвесце гадоў таму гучаў аўтэнтычны барочны арган.

Знішчаны ў пошуках золата

Арган у вёсцы Старыя Васілішкі больш за 50 гадоў маўчаў. У 1958-м годзе, калі быў зачынены касцёл і ўлады збіраліся зрабіць з яго музей або склад, у будынак улезла некалькі выхаванцаў дзіцячага дому, які знаходзіўся паблізу. Чатыры хлапцы выламалі вакно і дабраліся да інструмента.

«Усе трубы былі пагнутыя, паламаныя. Мужыкі пачулі, што нехта стукаецца. Злавілі гэтых пацаноў. Там хлопцы былі па 13-15 гадоў. Пытаюцца, навошта арган пашкодзілі? А яны кажуць: – А нам казалі, што залатыя галасы ёсць у арганах, шукалі золата», – распавядае спадар Тамаш.

«Уразіў, як знявечаны чалавек»

Ніхто не верыў, што інструмент можа загучаць ізноў. Пачаць рэстаўрацыю было вельмі рызыкоўным рашэннем. На авантуру вырашылася спадарыня Таццяна Бембель, мастацтвазнаўца і сябра Апякунскай рады Дома-музею Чэслава Немэна.

«Калі я ўпершыню трапіла на хоры касцёла і пабачыла ў жудасным выглядзе арган, ён уразіў, як знявечаны чалавек. І адразу нарадзілася адчуванне: гэта трэба паправіць. Абсалютная перакананасць. Нам казалі, што безнадзейна. Калі вельмі хочацца – збірайце на новы электрычны арган і пастаўце яго за стары фасад і будзе добра. Але ж гэта зусім не тое», – тлумачыць спадарыня Таццяна.

Сяброўскай грамадой крыху да крыхі ўдалося сабраць задатак 2 тыс. еўра на працу майстрам. Аднаўляць інструмент узяліся два спецыяліста з Масквы, Дзмітрый Лотаў і Уладзіслаў Ёдзіс. Майстры пачалі працаваць, не даючы гарантыі, што наагул будзе гук.

«Гэта быў сапраўды цуд»

«Увесь час адчувала дыскамфорт: і калі б не загучаў – шкада высілкаў і выдаткаў, і калі загучыць – думала, як жа грошыкі знойдзем тады? Але адчувала, што трэба гэта рабіць і з Божай дапамогай цуд будзе. І гук аргана ў мінулую суботу быў сапраўды цудам. І веру што знойдзем астатняе, хоць сума не малая», – кажа Таццяна Бембель.

На дадзены момант майстры зрабілі тры рэгістры з дзесяці. Гэта траціна працы, якая ўжо дазваляе выконваць паўнавартасную музыку. У канчатковым варыянце мае быць незвычайнае багацце тэмбраў. Астатнія рэгістры спецыялісты абяцаюць скончыць за зіму, аднак працуюць яны пакуль на поўным даверы. Канчатковая сума, якая яшчэ патрэбна, каб аплаціць працу – 10 тысяч еўраў.

На аргане мог іграць Чэслаў Немэн, па мянушцы Хурхель

Спадар Тамаш паказвае, як трэба набіраць паветра, каб загучаў арган. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Больш як два стагоддзя арган у Старых Васілішках быў сведкам розных эпох і войнаў. Яго пераносілі з касцёлу ў касцёл. Рукі розных людзей у розны час дакраналіся да клавішаў, нараджаючы мелодыі малітвы і надзеі.

Цікавым фактам з’яўляецца тое, што больш за 50 год назад, менавіта гэты арган рамантаваў бацька сусветнавядомага музыкі Чэслава Немэна, Антоні Выджыцкі. На адной з трубаў захаваўся нават надпіс з яго імём. Бацька Чэсіка, як называе польскага спевака спадар Тамаш, які асабіста яго добра памятае, на аргане не іграў, але ўмеў рамантаваць музычныя інструменты і спяваў у прыкасцёльным хоры.

Менавіта ў гэтым касцёле ў Старых Васілішках Чэслава Немэна хрысцілі, пра што сведчыць памятная дошка на мурах святыні. Спадар Тамаш узгадвае, што паміж сабой Чэсіка называлі «Хурхелем». Падчас росквіту кар’еры любімым інструментам Немэна быў менавіта электрычны арган. Тое, чым мы насычаемся ў дзяцінстве, застаецца на ўсё жыццё, таму не цяжка здагадацца, як арган у касцёле, які наведваў маленькі Чэслаў, паўплываў на лёс сусветнавядомага музыкі.

На збор канчатковай аплаты працы майстроў у хуткім часе паўстане дабрачынны рахунак.На дадзены момант, ахвотныя дапамагчы могуць звяртацца да спадарыні Таццяны Бембель па нумары: +375 29 616 38 01 або пішыце на электронную скрынку tbembel@gmail.com.

Глядзіце ўсе фота:

касцёл св. Пятра і Паўла ў Старых Васілішках
Маскоўскія майстры зрабілі траціну рэстаўрацыйнай працы органа. Фота Васіль Малчанаў / Белсат
Памятная дошка сусветна вядомаму рок-музыку, спеваку і кампазітару Чэславу Неману
Арган 18 ст. у касцёле св. Пятра і Паўла ў Старых Васілішках
Томаш, наглядчык храма св. Пятра і Паўла ў Васілішках. Фота Васіль Малчанаў / Белсат
Алтар «Грот» у касцёле ў Старых Васілішках. Фота Васіль Малчанаў / Белсат
костел св. Петра и Павла в Старых Василишках. Фото Василий Молчанов / Белсат

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў