На прэзідэнцкіх выбарах у Грузіі перамагла дачка палітэмігрантаў


Саломэ Зурабішвілі, якую падтрымлівала партыя «Грузінская мара», набрала ў другім туры прэзідэнцкай гонкі 59,56 % галасоў.

Прадстаўнік апазіцыйнай кааліцыі «Сіла ў адзінстве» Грыгол Вашадзэ набраў 40,44 %.

Для перамогі ў другім туры аднаму з кандыдатаў дастаткова было набраць большасць галасоў. Паводле папярэдніх звестак, яўка склала 56,23 %.

Зурабішвілі нарадзілася ў Францыі ў 1952 годзе ў сям’і палітычных эмігрантаў. Ейныя бацькі з’ехалі з краіны ў 1921 годзе – уцякалі ад «саветаў». Дзед па бацьку Іван Зарабішвілі ўваходзіў у склад ураду незалежнай Грузіі ў 1918-1921 гг.

У 2013 Зурабішвілі спрабавала ўзяць удзел у папярэдніх прэзідэнцкіх выбарах, але не змагла зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты праз двайное грамадзянства, ад якога сёлета адмовілася. 30 гадоў Зурабішвілі адпрацавала ў французскім МЗС.

Прыхільнікі Зурабішвілі святкуюць перамогу

Наступныя выбары прэзідэнта Грузіі адбудуцца ў 2024 годзе, але галасаванне пройдзе без непасрэднага ўдзелу грамадзянаў – кіраўніка краіны будзе абіраць парламент.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў