На пратэсце супраць акумулятарнага заводу былі танцы, а потым затрымалі блогера Пятрухіна


На чарговае кармленне галубоў на цэнтральную плошчу Берасця 2 чэрвеня прыйшло каля 140 чалавек, а ўлада на тым жа месцы арганізавала харэаграфічны фестываль.

Традыцыйнае кармленне галубоў у Берасці на знак пратэсту супраць акумулятарнага заводу

Міжнародны харэаграфічны фестываль «Танцавальная вясёлка» з удзелам гасцей з Украіны, Польшчы, Малдовы, Расеі перанеслі на плошчу з цэнтральнага парку. Ужо не першы раз на плошчы Леніна берасцейскія ўлады падчас кармлення галубоў праводзяць розныя спартовыя і культурныя падзеі, каб замінаць пратэстоўцам, але людзі ўсё роўна кожную нядзелю збіраюцца ў вызначаным месцы.

Падчас пратэстаў на плошчы прайшоў міжнарождны харэаграфічны фестываль “Танцавальная вясёлка” з удзелам гасцей з Украіны, Польшчы, Малдовы, Расеі.

Блогер Сяргей Пятрухін прыйшоў на плошчу Леніна, каб перадаць супрацоўнікам міліцыі 8 заяваў, пасля чаго паразмаўляў з «Белсатам».

«Хутка 1000-годдзе Берасця, на жаль, у Берасці вельмі шмат непрыгожых малюнкаў у цэнтры, на акраінах, графіці, зламаныя лаўкі і аўтобусныя прыпынкі і мы распачынаем кампанію за прыгожае Берасце. Трэба ўсім грамадзянам, якія ўбачаць нешта, што не ўпрыгожвае наш горад пісаць заявы на імя начальніка РАУСу і адпраўляць, хай яны працуюць», – сказаў Пятрухін «Белсату».

Мужчына з парасонам на плошчы падчас кармлення галубоў

Міліцыя дзеянні блогера ўспрыняла па свойму і падчас прагулкі пратэстоўцаў па вуліцы Савецкай Пятрухіна затрымалі і даставілі ў Ленінскі РАУС, дзе на блогера склалі пратакол паводле артыкулу 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства). Ноч да суду блогер правядзе ў ІЧУ.

«Калі б ніхто не пратэставаў гэты завод ціха б запусціўся яшчэ ў мінулым годзе», – сказаў «Белсату» адзін з пратэстоўцаў Уладзіслаў Абрамовіч.

Калона праціўнікаў заводу на вуліцы Савецкая

Прадстаўнікі заводу сцвярджаюць, што афіцыйную працу прадпрыемства пачне ў чэрвені, але пратэстоўцы ў гэтым не так упэўненыя, бо мінулыя тры разы ў лютым, красавіку і ў канцы траўня завод не атрымаў дазвол на працу.

«Акт уводу ў эксплуатацыю не падпісаў намеснік дырэктара па дзяржаўнай экалагічнай экспертызе Рачэўскі Яўген Аляксандравіч. Гэта значыць, што экалагічная бяспека аб’екта не пацверджана і эксплуатаваць яго экалагічна небяспечна, таму не быў падпісаны сёння акт уводу», – сказаў «Белсату» сябра ініцыятыўнай групы супраць акумулятарнага заводу Зміцер Бекалюк.

Новая магчымая дата прыёмкі – 11 чэрвеня. Але Зміцер Бекалюк лічыць, што, каб выправіць усе недахопы, трэба цалкам перарабіць праект заводу.

Берасцейцы традыцыйна прайшліся па цэнтры гораду. Гэтым разам без лозунгаў.

Акумулятарны завод будуецца ў свабоднай эканамічнай зоне «Берасце» кампаніяй «АйПаўэр». Жыхары гораду і прылеглых вёсак лічаць, што прадпрыемства пагражае іхнаму здароўю і навакольнаму асяроддзю. Амаль паўтары гады людзі выходзяць на пратэсты на плошчу Леніна ў Берасці.

АС, МХ, belsat.eu

Стужка навінаў