На польскім адборы на «Славянскі базар» заспяваў беларускі дыпламат


У фінале нацыянальнага польскага адбору на сёлетні музычны фестываль «Славянскі базар у Віцебску» былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авер’янаў заспяваў па-беларуску песню пра каханне. Па-за конкурсам.

Імпрэза пад ганаровым патранатам беларускай амбасады прайшла ўвечары серады ў адным з варшаўскіх тэатраў.

Удзел у адборы на «Славянскі базар» маглі ўзяць грамадзяне Польшчы ад 18 да 31 года. Журы прысуджала перамогу паводле сумы балаў, набраных у славянскай (песні на любой славянскай мове) і міжнароднай (на іншых мовах) частак конкурсу.

Пераможцаю адбору стала Ліліт Мінасьян, нарадзінка Арменіі, якая больш за 11 гадоў жыве ў Польшчы. Яна выканала песні па-расейску і па-ангельску.

Па-за конкурсам на сцэне выступілі, між іншым, спявачка Сільвія, якая на леташнім «Славянскім базары» заняла трэцяе месца, ды былы амбасадар Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авер’янаў, які выканаў песню пра каханне.

«Сярод удзельнікаў конкурсу беларуская мова прагучала яшчэ адзін раз – ад Юліты Ваўрэшук з Падляшша», – распавяла «Белсату» журналістка Ганна Мордань, якая наведала імпрэзу.

Прадстаўляць Польшу на сёлетнім «Славянскім базары ў Віцебску» будзе Ліліт Мінасьян, нарадзінка Арменіі, грамадзянка Польшчы. Фота – sbfest.pl

Аляксандр Авер’янаў нарадзіўся ў 1955-м у Калінінградзе. Скончыў Беларускі політэхнічны ўніверсітэт, Менскі лінгвістычны ўніверсітэт і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце.

На пачатку кар’еры быў звязаны з энергетычнай сферай. У сярэдзіне 90-х стаў займацца вонкаваэканамічнай дзейнасцю пры ўрадзе.

У 2004-м узначальваў гандлёва-эканамічную службу беларускай амбасады ў Польшчы. У 2013–2018 гг. – амбасадар Беларусі ў Польшчы.

12 лютага Аляксандр Лукашэнка прызначаў новага амбасадара ў Польшчы – Уладзіміра Чушава.

ДД; фота анонсу – Wojciech Olkuśnik / president.pl

Стужка навінаў