На Пастаўшчыне да былога расейскага паліцыянта прыйшлі з вобшукам, сам ён затрыманы

Увечары 9 чэрвеня працаўнікі Пастаўскага РАУС праводзяць ператрус у доме Андрэя Новікава – былога паліцыянта, грамадзяніна Расеі. 1 чэрвеня ён дапамагаў арганізаваць пікет па зборы подпісаў за Ціханоўскую ў Глыбокім.

Як стала вядома ПЦ «Вясна», тады ўсё прайшло спакойна, аднак ужо 6 чэрвеня мужчыну затрымалі ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну. Ягоная жонка Вольга доўгі час не магла даведацца хоць якую-небудзь інфармацыю пра лёс мужа. У сям’і ёсць двое непаўналетніх дзяцей.

Пазней праваабаронцы даведаліся, што суд над Новікавым адбыўся ў Менску, але якое рашэнне прыняў і па якім артыкуле яго вінавацілі – невядома. Мяркуецца, што цяпер ён утрымліваецца ў ІЧУ.

Андрэй Новікаў – былы працаўнік расейскіх сілавых структураў, грамадзянін Расеі. 8 траўня яму прысудзілі штраф у памеры 30 базавых велічыняў за інтэрвʼю Сяргею Ціханоўскаму на ютуб-канале «Краіна для жыцця».

Па ўсёй краіне другі тыдзень ідзе пераслед паплечнікаў папулярнага блогера Сяргея Ціханоўскага і чальцоў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай.

КА belsat.eu

Hавiны