На навагодняй ялінцы АМАП збіў акторку. Яна ўжо месяц чакае званку ад следчых

Дзяўчына дамагаецца справядлівага пакарання для амапаўца, які некалькі разоў ударыў яе па галаве дубінкай.

Святлана Сакалоўская (сцэнічны псеўданім акторкі) сустракала Новы год у гасцях у мамы ў менскім мікрараёне Чыжоўка.

«Па традыцыі ў дзве гадзіны ночы мы з сяброўкамі пайшлі на ялінку. Нас было пяцёра – я, мой хлопец Саша і тры сяброўкі. Пагулялі каля гадзіны, потым адна дзяўчына паехала дадому», – распавядае яна сваю гісторыю выданню «Салідарнасць».

Вакол ялінкі была агароджа, перад якой кампанія раздзялілася.

Мой хлопец з адной з маіх сябровак пайшлі праз адзін прапускны пункт, мы з сяброўкай – праз іншы. Іх пусцілі, а нас – не. Супрацоўнік АМАПу сказаў, што канцэрт заканчваецца праз пяць хвілін, і нам няма чаго там рабіць, – кажа дзяўчына.

Па словах Святланы, сяброўка запярэчыла амапаўцу, а ў адказ пачула абразу. Сяброўка дастала тэлефон і набрала 102. Пасля гэтага супрацоўнік АМАПу пацягнуў яе ў аўтобус. Сакалоўская пабегла следам за імі.

На прыступках аўтобуса гэты супрацоўнік паглядзеў на мяне і рэзка ляпнуў дзверцамі аўтобуса, спецыяльна, каб ударыць мяне па руцэ. Ад удару мне вырвала пазногаць і зашчаміла руку, – распавядае акторка.

На крыкі збегліся людзі.

«Мой хлопец падышоў да амапаўца і спытаў ягонае прозвішча. У адказ той запхнуў яго ў гэты ж аўтобус. Я пабегла да дзвярэй аўтобуса, які ўжо з’язджаў. І тут адчула моцны ўдар па галаве ззаду. У вачах пацямнела. Нехта побач сказаў: «Нах*я ты яе ўдарыў дубінкай?», – кажа дзяўчына. – Памятаю, хтосьці злавіў мяне пад рукі. Некалькі разоў я на пару секунд прыходзіла ў сябе – і зноў губляла прытомнасць. Ачомалася ўжо ў «хуткай дапамогі». У лякарні мне дыягнаставалі страсенне мозгу і ўдар ручыцы. Мне наклалі шыну».

Пазней ад відавочцаў Святлана даведалася, што амапавец ударыў яе дубінкай некалькі разоў – проста яна была ўжо непрытомнай.

«Пасля гэтага з аўтобуса выпусцілі майго хлопца, каб ён мог аднесці мяне дадому, але забралі другую дзяўчынку – за тое, што яна стаяла перад аўтобусам, не даючы яму з’ехаць з месца здарэння», – працягвае Сакалоўская.

Дзеўчын адвезлі ў Заводскае РУУС і пратрымалі ў камеры да 3 студзеня.

Калі я забірала сябровак, абедзве дзяўчыны былі моцна знясіленыя! Я жахнулася, калі ўбачыла ногі адной з іх – яны былі ўсе сінія! Сяброўкі не хочуць распавядаць прэсе аб тым, што з імі адбывалася ў аўтобусе, – баяцца.

Раніцай 1 студзеня з лякарні Святлана паехала ў Заводскае РУУС, дзе напісала заяву. Увечары яна сустрэлася са следчым Следчага камітэту Аскеравым, якому распавяла пра дэталі здарэння.

2 студзеня Святлана патэлефанавала да яго і даведалася, што ён перадаў заяву следчаму Несцяровічу.

«Мне ніхто больш са Следчага камітэту не тэлефанаваў, і 5 студзеня я паехала ў больніцу хуткай дапамогі, у якой апынулася ў навагоднюю ноч. Там я даведалася, што для таго, каб зняць пабоі, мне трэба ўзяць пастанову ў Следчым камітэце, якую мне абавязаны быў выдаць следчы. Я паехала ў Следчы камітэт разбірацца ў сітуацыі і даведалася, што следчы Несцяровіч перадаў мае дакументы іншаму следчаму, а той іх згубіў», – распавядае Сакалоўская.

Накіраванне на судмедэкспертызу Следчы камітэт выдаў дзяўчыне толькі праз пяць дзён. Вынікаў судовай медычнай экспертызы Святлане і яе сяброўцы, якая тры дні правяла ў камеры, на рукі не аддалі.

11 студзеня Святлана атрымала ліст са Следчага камітэту за подпісам старэйшага следчага аддзелу Федарэнкі:

У лісце мой адрас быў паказаны з памылкай – не той нумар дому. Але і гэта яшчэ не ўсё. Следчы камітэт паведаміў, што 10 студзеня тэрмін правядзення праверкі па маёй заяве аб неправамерных дзеяннях супрацоўнікаў аддзелу ўнутраных справаў падоўжаны да аднаго месяца – да «1 студзеня 2018 года».

Ці не занадта шмат памылак для аднаго ліста са Следчага камітэту, цікавіцца Святлана

«Прайшоў месяц з таго страшнага дня – рука ўжо цалкам у парадку, галава яшчэ часам крыху баліць, а званка са Следчага камітэту так і не паступіла. Баюся, як бы зноў не страцілі матэрыялы праверкі», – кажа Сакалоўская.

З трох пацярпелых ад дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў яна адзіная распавядае пра тое, што адбылося.

Мая сяброўка прызналася, што калі сустракае на вуліцы міліцыянта, ёй хочацца ўцячы і схавацца, – кажа дзяўчына.

«Лічу, што чалавек, што надзеў форму праваахоўных органаў, павінен абараняць людзей, у тым ліку і ад гвалту, а не тварыць гвалт, прыкрываючыся формай. Я ўявіць сабе не магла, што буду збітая ў навагоднюю ноч на ялінцы. Хачу, каб амапаўцы, якія збіваюць людзей проста так, не працавалі ў сілавых структурах. Тады мы не будзем баяцца міліцыі», – дадае Святлана.

Паводле матэрыялу Таццяны Гусевай

Hавiны