На месцы масавага пахавання часоў Другой сусветнай вайны ў Берасці знайшлі парэшткі 990 чалавек. Пра гэта паведаміў мэр Берасця Аляксандр Рагачук, піша belta.by.
Масавае пахаванне знайшлі 17 студзеня на рагу вуліцы Куйбышава і праспекту Машэрава, дзе пачалося будаўніцтва жылых дамоў. У час Другой сусветнай вайны на гэтым месцы было габрэйскае гета.
«На гэты момант ужо дасталі астанкі 990 чалавек. Гэтай лічбы не чакаў ніхто – ні грамадскія дзеячы, ні навукоўцы. Для нас гэта шок. Раскопкі працягваюцца, іх вядзе спецыялізаваны батальён Міністэрства абароны», – сказаў Рагачук.
«На месцы пахавання не будзе нічога, акрамя зялёных газонаў. Нават парковачных месцаў, дзіцячых пляцовак там не будзем размяшчаць. А тое, што гісторыю гета і памяць пра яго ахвяраў трэба ўвекавечыць, – мы ўжо цяпер пра гэта задумваемся. Магчыма, будзе ісці гаворка пра новыя кампазіцыі наўзамен старых, нейкія рытуальныя камяні, інфармацыйныя дошкі», – дадаў мэр.
Пахаванне парэшткаў ахвяраў вайны адбудзецца на мясцовых могілках.
Паводле архіўных звестак, у Берасцейскім гета ў гады вайны было да 28 тысяч габрэяў. Агульная колькасць загінулых у Берасцейскім гета, згодна з рознымі ацэнкамі гісторыкаў, ад 18 да 20 тысячаў чалавек.