На Магілёўшчыне – 16 выпадкаў каронавіруса. Людзей забіраюць з дому ў боксах


Магілёўская інфекцыйная больніца. Фота «Белсат»

За дзень у афіцыйную статыстыку дадаліся 11 чалавек. На дзень 6 красавіка ў Магілёўскай вобласці налічылі 16 афіцыйна зарэгістраваных выпадкаў каронавіруснай інфекцыі. Такую інфармацыя падаюць «Магілёўскія ведамасці» са спасылкаю на словы начальніка галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандра Старавойтава.

Прычым 10 чалавек – гэта кантакты першага ўзроўню, якія былі ў медычных установах вобласці. На сёння шпіталізаваныя 179 чалавек: частка застаецца ў Магілёўскай інфекцыйнай больніцы, а частка – у Бабруйскай цэнтральнай больніцы. Выпадкі каронавіруса былі зарэгістраваныя ў Крычаве, Слаўгарадзе, Бабруйску, Магілёве і Магілёўскім раёне.

Уваход на тэрыторыю больніцы забаронены, перадачы прымаюцца на КПП. Фота «Белсат»

Уваход на тэрыторыю Магілёўскай інфекцыйнай больніцы забаронены. Праз брамку добра бачна, што людзі ў касцюмах завозяць у больніцу каталку з боксам для выпадкаў каронавіруса. Пацыента даставілі машынаю хуткай дапамогі. На варотах – інфармацыя з тэлефонамі аддзяленняў, каб сваякі маглі даведацца пра стан пацыентаў. Насупраць уваходу прыпаркаваныя аўтамабілі ў тым ліку і з нумарамі віцебскага рэгіёну.

Магілёўцы даслалі ў суполку «Могилев Live» фота, як такая самая брыгада ў ахоўных касцюмах 5 красавіка забірае чалавека ў боксе на вуліцы Турава. За працэсам сачыў спачатку ўвесь дом, а затым і ўвесь горад, бо фота і відэа трапілі ў сацыяльныя сеткі.

Магілёўская інфекцыйная больніца, куды зараз звозяць у выпадку каронавірусу. Фота «Белсат»

Сёння ў тым доме на вуліцы Турава, з якога забіралі людзей у боксе, вымытыя хлорам пад’езды. Суседзі адзначаюць, што ў такім боксе забралі некалькі чалавек. Гэты выпадак паўплываў як на іхны спакой, так і на спакой усяго гораду.

Пры гэтым людзям не патлумачылі, як сябе паводзіць у сітуацыі, калі з твайго дому забралі асобаў з падазрэннем на каронавірус. На падʼездзе вісіць толькі адна аб’ява – ад Цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёну. У ёй вядзецца пра магчымасць дапамогі ў набыцці тавараў людзям сталага веку ды людзьмі з інваліднасцю.

Брыгада хуткай забірае чалавека з падазрэннем на COVID-19 па вуліцы Грышына ў Магілёве.
Фота: Магілёў Live

У сацыяльных сетках сталі з’яўляцца здымкі і брыгадаў дэзынфекцыі. Спачатку іх заўважылі на вуліцы Непакораных, а затым на Грышына. Па апошнім адрасе суседзі таксама заўважылі, як брыгада хуткай дапамогі выносіць з дому чалавека ў боксе.

Hавiны
2000 – 68 000 смерцяў. Прагнозы вынікаў эпідэміі для Беларусі
2020.04.06 10:54

Спецыфічная атмасфера і ў паліклініках. На ўваходзе ў паліклініку № 8 зʼявілася жанчына, якая кожнага пацыента сустракае зваротам: «З якім пытаннем вы да нас прыйшлі?» На што ў пацыентаў узнікае розная рэакцыя – ад спакойнай да скандальнай. А ў паліклініцы № 12 доктар агульнай практыкі вядзе паўторны прыём пацыентаў з чорнага ўваходу.

«Пры ўваходзе ў паліклініку разварочваюць у асобны кабінет, прыём у які вядзецца з вуліцы: гэта значыць, што ўсе людзі – і хворыя, і не вельмі – застаюцца звонку. Прымае адзін доктар, натоўп расце, хваляванні падымаюцца. Я быў у чарзе больш за паўтары гадзіны», – сказаў адзін з пацыентаў.

Людзей, якія ўжо на бальнічным, у паліклініцы № 12 прымаюць з асобнага ўваходу. Фота «Белсат»

Атрымаць афіцыйную інфармацыю пра сітуацыю з каронавірусам у Магілёўскім абласным цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і здароўя нам не ўдалося. Галоўны доктар была на паседжанні ў аблвыканкаме, а ейная намесніца Ала Булай адмовілася казаць канкрэтныя лічбы і параіла ўсю актуальную інфармацыю шукаць на сайце Міністэрства аховы здароўя.

Hавiны
«Лекараў павінна быць у дзесяць разоў больш». Медык з ЗША – аб тым, што чакае Беларусь у час эпідэміі
2020.04.05 17:36

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў