На магіле паўстанцкага камандзіра Дмахоўскага з’явіўся годны помнік


Фота: Зміцер Лупач / «Белсат»

Чакаць гэтага давялося больш за паўтары сотні гадоў.

Генрык Дмахоўскі загінуў 26 траўня 1863 года ад рук расейскіх вайскоўцаў, якія напалі на атрад, якім ён камандаваў. Разам з ім загінулі і пахаваныя ў адной магіле двое маладых паўстанцаў. Пахаванне месціцца побач са старажытным курганным могільнікам у Докшыцах на Віцебшчыне.

Пра асобу героя распавядае краязнаўца Кастусь Шыталь. Дарэчы, летась яму ўдалося знайсці здымак Дмахоўскага ў электроннай бібліятэцы ў ЗША.

Генрык Дмахоўскі

Генрык Дмахоўскі быў удзельнікам паўстання 1830-31 гадоў, львоўскага паўстання ў 1846 годзе і паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Падчас апошняга ён камандаваў атрадам у Дзісненскім павеце ў Галубіцкай пушчы. У траўні 1863-га паўстанцы ішлі на злучэнне з атрадам Козел-Паклеўскага ў Вялейскім павеце.

Фота: Зміцер Лупач / «Белсат»
Фота: Зміцер Лупач / «Белсат»

– Тут нечакана на іх напалі расейскія войскі, наведзеныя селянінам з недалёкай вёскі Атрубок. Атрад быў разбіты, і Генрык Дмахоўскі ды яшчэ двое маладых паўстанцаў тут загінулі, – кажа Кастусь Шыталь.

Генрык Дмахоўскі пасля паразы паўстання 1830-31 гадоў жыў на эміграцыі ў Еўропе, там вывучыўся на скульптара. Потым лёс закінуў яго ў Злучаныя Штаты.

– Працуючы ў Злучаных Штатах, ён дасягнуў вялікага поспеху, – распавядае Кастусь Шыталь. – Ягоныя скульптуры амерыканскіх прэзідэнтаў, а таксама Тадэвуша Касцюшкі дагэтуль стаяць у будынку Кангрэсу Злучаных Штатаў.

Ён таксама браў удзел у праектаванні грабніцы Напалеона, а таксама распрацоўваў праект помніку Барбары Радзівіл у Вільні, які, на жаль, не быў рэалізаваны. Гэтаму перашкодзіла параза паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

Скульптура Томаса Джэфэрсана. Аўтар – Генрык Дмахоўскі

У Злучаных Штатах яго напаткала асабістае гора – памерлі ягоныя жонка і дзеці. На іхнай магіле скульптар зрабіў помнік з белага мармуру.

У 1861 годзе Генрык вяртаецца на радзіму і адкрывае скульптурнае атэлье ў Вільні. Таксама ён уключаецца ў барацьбу супраць царызму, за аднаўленне Рэчы Паспалітай. У гэтай барацьбе ён і аддаў сваё жыццё.

Як распавядае Кастусь Шыталь, помнік Дмахоўскаму паставілі і прафінансавалі некалькі неабыякавых асобаў, якія не захацелі публічна называць сваіх прозвішчаў.

У міжваенны час гэтая магіла была вядомая, сюды прыходзілі вучні з суседніх школаў. Магілай апекаваліся польскія памежнікі, бо літаральна за некалькі соцень метраў ад яе праходзіла тагачасная польска-савецкая мяжа. У 1938-м, на 75-ую гадавіну пачатку паўстання, зладзілі вялікае святкаванне, планавалі паставіць тут годны помнік. Але гэтаму перашкодзіла Другая сусветная вайна. Таму толькі ў 2020 годзе гэтую ідэю зрэалізавалі.

Фота: Зміцер Лупач / «Белсат»

Чаму гэтая магіла доўгі час была неўшанаваная і амаль невядомая? Пытаем краязнаўцу.

– Паўстанцы 1863 года былі нязручныя для савецкіх уладаў. Калі Каліноўскага яшчэ неяк цярпелі, ствараючы з яго вобраз правадыра сялянаў супраць паноў, то большасць удзельнікаў паўстання, шляхцічаў, людзей адукаваных, ідэйных, якія хацелі аднаўлення Рэчы Паспалітай, былі для савецкіх уладаў нязручнымі і, на жаль, такімі застаюцца для афіцыйнай беларускай гістарыяграфіі.

Скульптура Тадэвуша Касцюшкі. Аўтар – Генрык Дмахоўскі

Пра гэта сведчыць тое, што докшыцкія ўлады за тры дзясяткі беларускае незалежнасці так і не знайшлі часу і сродкаў, каб годна ўшанаваць памяць герояў.

Зміцер Лупач belsat.eu

Стужка навінаў