На хлопца з Дрыбіна склалі ўжо другі пратакол за дыслайк у «Аднакласніках»


Увечары 12 снежня ў хату Андрэя Юркова, актывіста з Дрыбіна, прыйшлі міліцыянты з панятымі. Канфіскацыі з ператрусам не было, але на Андрэя ўжо другі раз склалі пратакол правапарушэння паводле ч. 2. арт. 17.11 – нібыта за распаўсюджванне нацысцкай сімволікі. Андрэй з абвінавачаннем не згодны.

26 верасня Андрэй Юркоў паставіў дыслайк на пост у «Аднакласніках», у якім параўноўваліся нямецкія і савецкія рэжымы. Да паста была далучана выява сцяга нацысцкай Германіі. Гэты пост патрапіў у стужку самога Андрэя, што і стала падставай для абвінавачвання.

Фота Андрэя Юркова ў «Аднакласніках»

У адносінах да Андрэя Юркова была распачата адміністрацыйная справа за дыслайк у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» яшчэ ў лістападзе. 13 снежня мусіў адбыцца суд па гэтай справе. Але суддзя Дрыбінскага раённага суду Барыс Пігаль вярнуў справу назад у Дрыбінскі РАУС для выпраўлення недахопаў. У першым пратаколе не было адзначана, з дапамогай якіх сродкаў распаўсюджвалася інфармацыя, а ў самой справе адсутнічаў агляд месца правапарушэння.

І вось 12 снежня міліцыянты прыйшлі рабіць працу над памылкамі.

«Яны прыйшлі з маймі суседзямі ў якасці панятых, каб перапісаць мой камп’ютар. Пафоткалі там усё, перапісалі назвы, нумары. Уключаць нічога не прасілі, проста ўчынілі агляд месца правапарушэння. Мне далі копію пратакола і сказалі чакаць. Я думаю, што будуць даводзіць да суду, што ім яшчэ застаецца», – кажа Андрэй Юркоў.

Андрэй Юркоў – экс-кандыдат у дэпутаты па Горацкай выбарчай акрузе №82.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў