На філфаку БДУ ўсё ж будуць вывучаць украінскую мову разам з беларускай


На кафедры тэарэтычнага і славянскага мовазнаўства філалагічнага факультэту БДУ ў новым навучальным годзе ўкраінскую мову будуць вывучаць у пары з беларускай. Раней мы пісалі, што замест яе ў якасці другой мовы планавалася паставіць расейскую.

Напрыканцы лютага крыніца паведаміла belsat.eu, што на кафедры шэраг славянскіх моваў заўжды вывучаўся ў пары з беларускаю. Выпускнікі атрымлівалі дыплом па спецыяльнасці «выкладчык украінскай/польскай/чэшскай і беларускай моваў, перакладчык». Пры гэтым сербская, балгарская і славацкая ішлі ў звязцы з расейскаю, бо яны лінгвістычна блізкія.

Hавiны
На кафедры славянскай філалогіі філфаку БДУ прыбяруць беларускую мову?
2019.02.20 14:36

У гутарцы з нашым карэспандэнтам крыніца сцвярджала, што ў 2019 годзе абітурыентаў будуць набіраць у групу ўкраінскай мовы, а другой будзе расейская. Патлумачыць прычыну такіх зменаў і спаслацца на якія-кольвек афіцыйныя дакументы наш суразмоўца не змог. Таксама не было ясна, ці адпаведны загад замяніць беларускую мову на расейскую паступіў з Міністэрства адукацыі.

Як стала вядома belsat.eu, навучальная праграма ўсё ж была пакінутая без зменаў: беларуская застанецца ў якасці другой мовы для студэнтаў, што вывучаюць украінскую. Разам з тым, плана прыёму абітурыентаў на 2019 год, дзе павінны пазначацца спецыяльнасці, пакуль у адкрытым доступе няма: ён яшчэ рыхтуецца. Аператыўна звязацца з прыёмнай камісіяй і самой кафедрай не ўдалося. Таму як будзе выглядаць сапраўды праграма, можна будзе даведацца раней, бліжэй да ўступнай кампаніі.

Асоба з сістэмы адукацыі, якая знаёмая з гэтай сітуацыяй, распавяла, што ўжо ўвечары ў дзень першай публікацыі (20 лютага) звесткі пра тое, што замест беларускай у «звязцы» з украінскай мовай пойдзе расейская, прыбралі з сайту філфаку.

На сайце філфаку размешчана зацверджаная Мінадукацыі тыповая навучальная праграма па ўкраінскай мове. З яе вынікае, што студэнтаў, сярод іншага, вучаць «перакладаць тэксты з вывучаемай мовы на расейскую і беларускую і наадварот».

«Засваенне прапанаванага матэрыялу дадзенага курса з’яўляецца неабходнай базай для фармавання навыкаў літаратурнага перакладу з беларускай (расейскай) мовы на ўкраінскую і наадварот», – гаворыцца ў праграме.

КА belsat.eu

Стужка навінаў