На фестывалі праваслаўнага кіно ў Кіеве ўзнагародзілі два фільмы «Белсату»


Аператарка Наталля Буцневіч («Наш айцец і нашае Ветрына»), сябар журы Ежы Каліна і рэжысёрка Кацярына Растоцкая («Перакладчык») на фестывалі «Пакроў» у Кіеве

Рэжысёркі Кацярына Кацярына Растоцкая і Наталля Голава атрымалі адмысловыя ўзнагароды журы на фестывалі праваслаўных фільмаў «Пакроў».

«Перакладчык» Кацярыны Растоцкай журы ацаніла за ўзняцце ў стужцы надзвычай актуальнай тэмы – паступовага знікнення лакальных гаворак на Палессі.

Фільм расказвае гісторыю прафесара Фёдара Клімчука, які вырашыў перакласці Евангелле на дыялект ягонай роднай вёскі Сіманавічы пад Драгічыным на Берасцейшчыне. Навуковец верыць, што такім чынам дапаможа мове ягоных продкаў не знікнуць.

Журы конкурсу ўзнагародзіла таксама Наталлю Голаву за прафесійны паказ праваслаўнай святыні ў стужцы «Наш айцец і нашае Ветрына».

Фільм апавядае гісторыю святара, айца Пятра, які ў Ветрына пад Полацкам трапіў за кару. Дзякуючы ягонай стараннасці, сціпласці і вялікаму сэрцу на вёсцы адрадзілася царква – у будынку зачыненага сельскага клубу – і парафіяльнае жыццё. Вернікі называюць яго цяпер сваім «сапраўдным айцом».

Сёлета арганізатары адзначылі таксама рэжысёра «Белсату» Ежы Каліну, аўтара дакументальнай стужкі пра польскіх уцекачоў у гады Першай сусветнай і «Бежанцы 1915–1922», – творца з польскага Падляшша сёлета быў адным з чальцоў журы.

ПЯ/ДД

Стужка навінаў