На Еўрапейскіх гульнях улады паказалі экспартную версію Беларусі. І гэта нядрэнная версія


Афіцыйныя ўлады ў Менску хацелі забіць правядзеннем Еўрапейскіх гульняў у Беларусі адразу некалькіх зайцоў. Не факт, што яны здолелі дасягнуць больш за палову сваіх мэтаў. Аднак мы зразумелі, якой ім прыемна было б бачыць нашую краіну. І гэта, як не дзіўна, дае пэўны аптымізм.

Якой бачаць улады Рэспубліку Беларусь на ўзроўні сімвалаў?

Афіцыйны Менск пазіцыянаваў сябе як самастойнага незалежнага гульца ў еўрапейскай палітыцы. Прычым як гульца здольнага прымаць пэўныя агульнаеўрапейскія правілы гульні – Беларусь не прызнае незалежнасць Косава, але прымае каманду незалежнага Косава. Былі запрошаныя кіраўнікі Украіны, Сербіі, Расеі, постсавецкіх краін. Можна казаць, што дыпламатычны прарыў Аляксандра Лукашэнкі не атрымаўся, аднак тое, што такая заяўка была – гэта дастаткова пазітыўны факт.

Ва ўнутранай палітыцы – перад самымі гульнямі знялі даволі адыёзнага міністра ўнутраных спраў Шуневіча, які даўся ў знакі ўсім сваёй абсурднай абаронай фігуры расейскага гарадавога. Новы міністр унутраных справаў Юры Караеў паабяцаў, што падчас Еўрапейскіх гульняў міліцыя паспрабуе быць ветлівай і не заўважальнай. З вуліц часова прыбралі аўтазакі і выпусцілі абаяльных рэгуліроўшчыц.

Аб’ектыў
Міліцыя хавае «ВАЗы» і «Нівы» з мігалкамі
2019.06.19 21:34

На вуліцах было не так шмат савецкай сімволікі, а ад цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў заставалася цалкам нацыянальнае ўражанне – вышыванкі, буслы, Купалінка і рыцары Вялікага княства Літоўскага. Выступ «Троіцы» і тэатральнае шоу стварыла моцнае ўражанне архаікі і магутнасці беларускай глебы, лесу і мовы.

Можна сказаць, што да 20 стагоддзя афіцыйны погляд уладаў на гісторыю Беларусі ўжо цалкам інтэграваў нацыяналістычную канцэпцыю беларускай гісторыі – ад Полацку да Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай. Ад Еўфрасінні Полацкай да Вітаўта, Радзівілаў, Сапегаў, Францішка Скарыны і Літоўскіх Статутаў.

«У прававой дзяржаве павінен кіраваць закон, а не асоба», – нават цікава, як гэтыя словы ўспрыняў глядач на галоўнай трыбуне стадыёна. Такой не толькі мы, але і ўлада, хоча, каб выглядала Беларусь. І гэта таксама важна.

Фотарэпартаж
Трыкалоры і гусь-дыназаўр. Фотарэпартаж з фан-зоны Еўрапейскіх гульняў
2019.06.21 22:00

Паказуха супраць заказухі?

«Дык гэта ж усё была паказуха», – скажуць нашыя скептыкі, і вельмі шмат у чым будуць мець рацыю. Гэтак, людзі ў цывільным жорстка затрымалі 21 чэрвеня ўдзельнікаў акцыі Народнай Грамады супраць аб’яднання з Расеяй, вывезлі іх за горад, дзе і адпусцілі.

Але справа ў тым, што рытуал, нават чыста фармальны, мае вельмі вялікую здольнасць рабіцца часткай натуры. Lex orandi, lex credendi – гэта старое хрысціянскае лацінскае выказванне, якое вольна перакладаецца «як молішся, гэтак і верыш», а выкарыстоўваецца ў тым значэнні, што рытуал богаслужэння інтэгральна звязаны з сэнсавай сутнасцю веравызнання.

На цырымоніі адкрыцця Еўрапейскіх гульняў у Менску, 21 чэрвеня 2019. «Вечна жыві і квітней Беларусь» – падпявае нават Рамзан Кадыраў.

Можна давяраць ці не давяраць мудрасці хрысціянаў першага тысячагоддзя, аднак сувязь і ўзаемны ўплыў сімволікі і рэчаіснасці – неаспрэчны факт. Адна справа, калі лідар краіны сядзіць пад бел-чырвона-белым сцягам, а іншая – калі пад чырвона-зялёным. Адна справа, калі адныя і тыя каманды афіцэры кажуць на беларускай мове, а іншая справа – калі не. Адна справа, калі ў гісторыі Беларусі ёсць рыцары з Калюмнамі на шчытах, якіх мы бачылі на адкрыцці Еўрапейскіх гульняў, а іншая – калі толькі «камісары ў пыльных шлемах». Гэтых апошніх і не было.

Дарэчы, вышэй я не дарма згадаў беларускамоўныя каманды. Тое, што як мінімум «на экспарт» Беларусь павінна выглядаць нацыянальнай дзяржавай, даўно зразумелі як мінімум тыя людзі, якія распрацоўвалі пратакол сустрэчы ганаровых замежных гасцей. Гэтак, рота ганаровай варты Рэспублікі Беларусь карыстаецца менавіта беларускай мовай, і ваенны статут для яе пераклала Акадэмія Навук у 2010 годзе.

Еўрапейскія гульні.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Так, шмат у чым гэтыя фармальнасці – паказуха. І наша Беларусь яшчэ не зусім такая беларуская, як хацелі паказаць улады. Але добра, што існуе замова зверху на гэтую паказуху. І важна працаваць над тым, каб улады адчувалі, што знізу – з боку грамадства – замова на такую паказуху таксама расце кожны год.

Тое, што спачатку для кагосьці было толькі прапагандай, мае здольнасць перарабляць мазгі саміх прапагандыстаў. belsat.eu

Стужка навінаў