Маладыя нападнік менскага «Дынама» і абаронца канадскага «Калгары» абраныя на драфце Нацыянальнай хакейнай лігі. Гэта яшчэ не азначае, што яны будуць гуляць у наймацейшай лізе свету.
Форвард зборнай Беларусі Ягор Шаранговіч (нар. у 1998-м) у пятым раўндзе драфта абраны «Нью-Джэрсі Дэвілз» пад агульным 141-м нумарам. Абаронца маладзёжнай зборнай Беларусі Уладзіслаў Яроменка абраны «Нэшвіл Прэдатарз» у пятым раўндзе пад агульным 151-м нумарам.
У папярэднім сезоне Шаранговіч згуляў 47 матчаў у КХЛ за менскае «Дынама» і набраў 12 (4 + 8) балаў пры паказніку карыснасці «-5». Старонка менскага клубу падае, што «Нью-Джэрсі» ў мінулым чэмпіянаце ўпершыню з сезону 2012/2013 прабіўся ў плэй-оф, дзе саступіў у першым раўндзе. «Д’яблы» – трохразовыя ўладальнікі Кубка Стэнлі.
Летась Шаранговіч распавядаў «Прэсболу» аб жаданні пагуляць за акіянам.
«У свой час нешта не зраслося. Хаця з ангельскай усё яшчэ так сабе. Цяпер вось думаю на лета наняць рэпетытара. Хоць тыя ж Касціцыны падбадзёрваюць: маўляў, не бойся, калі мы з’язджалі – таксама ні ў зуб нагой», – казаў Шаранговіч.
Урадзінец Віцебска Уладзіслаў Яроменка (нар. у 1999-м) у мінулым сезоне гуляў у Заходняй хакейнай лізе Канады ў складзе «Калгары Флэймз».
На моладзевым чэмпіянаце свету ў шасці сустрэчах зарабіў 4 (1 + 3) балы.
Упершыню з 2004 года на драфце НХЛ выбралі больш за аднаго беларускага хакеіста.
ДД